Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

а́рка

(іт. arco, ад лац. arcus = дуга)

1) перакрыцце ў форме дугі паміж дзвюма апорамі збудавання (напр. а. моста);

2) збудаванне ў выглядзе варот з дугападобным перакрыццем (напр. трыумфальная а.).

арка́да

(фр. arcade)

рад аднолькавых арак, якія складаюць архітэктурнае цэлае.

арке́стр

(фр. orchestre, ад гр. orchestra = пляцоўка перад сцэнай для хору)

1) група музыкантаў, аб’яднаных для сумеснага выканання на розных інструментах музычных твораў, а таксама сукупнасць музычных інструментаў для гэтага;

2) месца ў тэатры перад сцэнай, дзе размяшчаюцца музыканты.

а́рктыка

(гр. arktikos = паўночны)

паўночная палярная вобласць зямнога шара (параўн. Антарктыка).

а́ркуш

(польск. arkusz, ад лац. arcus = дуга)

1) стандартны ліст паперы, кардону, фанеры, бляхі;

2) адзінка вымярэння аб’ёму кнігі, роўная шаснаццаці старонкам друкаванага тэксту.