фізадэ́рма
(н.-лац. physoderma)
ніжэйшы грыб сям. кладахітрыдыевых, які паразітуе на вышэйшых, пераважна балотных раслінах.
фіза́ліс
(н.-лац. physalis, ад гр. physalis = пузыр)
травяністая расліна сям. паслёнавых з суцэльным лісцем і дробнымі жоўтымі або белаватымі кветкамі, пашыраная пераважна ў тропіках і субтропіках Амерыкі; дае плады, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне, кандытарскай вытворчасці і кулінарыі; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.
фіза́рум
(н.-лац. physarum)
слізявік, які развіваецца на адмерлых галінках, ствалах, апалым лісці, подсціле, на шапкавых грыбах.
фізасты́гма
(н.-лац. physostigma, ад гр. physa = пузыр + stigma = пункт)
дрэвападобная ліяна сям. бабовых, якая расце ў трапічных лясах Зах. Афрыкі; дае фізастыгмін.
фізастыгмі́н
(ад фізастыгма)
алкалоід, які змяшчаецца ў насенні фізастыгмы; выкарыстоўваецца ў медыцыне.
фізастэ́гія
(н.-лац. physostegia)
травяністая расліна сям. ясноткавых з зубчастым лісцем і бэзава-ружаватымі кветкамі ў коласападобных суквеццях, пашыраная ў Паўн. Амерыцы; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.
фізацэфалёз
(н.-лац. physocephalus)
глісная хвароба свіней, якая выклікаецца паразітычнай нематодай фізацэфалус сям. тэлазіідаў.
фізіёлаг
(ад фізіялогія)
спецыяліст у галіне фізіялогіі.
фі́зік
(гр. physikos = знаўца прыроды)
спецыяліст у галіне фізікі.
фі́зіка
(гр. physike)
1) навука, якая вывучае агульныя ўласцівасці і будову матэрыяльнага свету, а таксама законы руху матэрыі (напр. тэарэтычная ф., атамная ф.);
2) раздзел гэтай навукі, прысвечаны вывучэнню будовы і агульных уласцівасцей якой-н. формы матэрыі (напр. ф. Зямлі, ф. мора, ф. крышталёў);
3) спецыяльная дысцыпліна, якая займаецца вывучэннем гэтай навукі, а таксама падручнік па гэтай дысцыпліне.