Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мі

(лац. mi)

трэці гук музычнай гамы, а таксама нота, якая абазначае гэты гук.

мі́гма

(гр. migma = сумесь)

сілікатны расплаў, які ўтварыўся ў зямной кары з горных парод.

мігматы́т

(гр. migma, -atos = сумесь, мешаніна)

горная парода, якая ўтварылася ў выніку пранікнення магмы ў тыя пароды, якія існавалі раней.

мігра́нт

(лац. migrans, -ntis = які перасяляецца)

чалавек, або жывёліна, якія мігрыруюць.

мігра́цыя

(лац. migratio = перамяшчэнне)

1) перасяленне людзей на новае месца жыхарства ўнутры краіны або за яе межы;

2) перамяшчэнне жывёл у сувязі са змяненнем умоў існавання, часамі года, цыкламі развіцця і інш. (напр. м. птушак).

мігры́раваць

(лац. migrare)

перасяляцца, перамяшчацца.

мігрэ́нь

(фр. migraine, ад гр. hemikrania = палавіна чэрапа)

хвароба, якая суправаджаецца прыступамі галаўнога болю, звычайна ў адной палавіне галавы.

мі́дзі

(англ. midi)

жаночае адзенне (спадніца, сукенка, паліто) сярэдняй даўжыні (параўн. максі, міні).

мі́дэль

(гал. middel, англ. middle)

сярэдняя, самая шырокая частка карабля.

мі́дэль-шпанго́ўт

(ад мідэль + шпангоўт)

1) крывая на тэарэтычным чарцяжы, якая атрымана пры сячэнні судна ў сярэдзіне яго або ў самым шырокім месцы папярочнай плоскасцю, перпендыкулярнай да дыяметральнай плоскасці судна;

2) шпангоўт, размешчаны ў самым шырокім месцы судна.