Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фікс-пу́нкт

(ням. Fixpunkt)

пункт геаметрычнай фігуры, які пры бесперапынным адбіцці або пераўтварэнні гэтай фігуры пераходзіць сам у сябе.

фікты́ўны

(фр. fictif, ад лац. fictio = выдумка)

выдуманы, несапраўдны; падроблены, фальшывы (напр. ф-ая хвароба, ф-ыя дакументы);

ф. капіталкапітал, які існуе ў выглядзе каштоўных папер (акцый, аблігацый і інш.), што ўласнай вартасці не маюць, але даюць права на пэўны даход.

фі́кус

(н.-лац. ficus)

вечназялёная дрэвавая або кустовая расліна сям. тутавых з суцэльным глянцавым лісцем і дробнымі беспялёсткавымі кветкамі ў суквеццях, пашыраная ў тропіках; у ліку відаў — баньян, інжыр, сікамор; на Беларусі вырошчваецца як пакаёвая.

фі́кцыя

(лац. fictio = выдумка)

нешта несапраўднае, наўмысна выдуманае з пэўнымі мэтамі.

фікцыяналі́зм

(ад лац. fictio, -onis = выдумка)

ідэалістычная філасофская канцэпцыя, паводле якой наша ўяўленне пра свет з’яўляецца сукупнасцю ілюзій, фікцый.

-філ

(ад гр. philos = сябра, прыхільнік)

другая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае паняццям «аматар», «прыхільнік».

фі́ла

(гр. phyle = племя)

племя ў Стараж. Грэцыі, якое складалася з трох фратрый, пазней тэрытарыяльная адзінка.

філагене́з

(гр. phyle = племя + -генез)

працэс развіцця арганічнага свету або асобных яго формаў з моманту ўзнікнення жыцця.

філагене́тыка

(гр. phyle = племя + генетыка)

навука, якая вывучае заканамернасці развіцця жывёльнага і расліннага свету.

філагені́я

(гр. phyle = племя + -генія)

тое, што і філагенез.