Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

авія́цыя

(фр. aviation, ад лац. avis = птушка)

1) тэорыя і практыка лятання на апаратах, цяжэйшых за паветра (самалётах, верталётах, планёрах);

2) сукупнасць ваенных або грамадзянскіх лятальных апаратаў (самалётаў, верталётаў і інш.) якой-н. дзяржавы; паветраны флот.

авіяэскадры́лля

(ад авія- + эскадрылля)

падраздзяленне ў авіяцыі, якое складаецца з некалькіх звёнаў самалётаў.

аво́ід

(ад лац. ovum = яйцо + -оід)

геал. плоская крывая яйцападобнага разрэзу з адной воссю сіметрыі.

авуа́ры

(фр. avoir = маёмасць)

1) грашовыя сродкі, чэкі, вэксалі, акрэдытывы, якімі праводзяць плацяжы;

2) сродкі банка ў замежнай валюце на яго рахунках у замежных банках;

3) уклады прыватных асоб і арганізацый у банках.

авуля́рыя

(н.-лац. ovularia)

недасканалы грыб сям. маніліевых, які паразітуе на лісці раслін сям. ружавых, злакавых, казяльцовых і інш.

авуля́цыя

(н.-лац. ovulatio)

выхад даспелай жаночай палавой клеткі з яечніка.

авункула́т

(ад лац. avunculus = дзядзька па мацеры)

звычай у некаторых народаў (напр. у старажытных германцаў, грэкаў, сучасных народаў Афрыкі і Акіяніі), які абавязвае дзядзьку з боку маці клапаціцца пра пляменніка больш, чым пра свайго сына.