Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

акцэсі́йны

(ад лац. accessio = далучэнне)

які далучаецца;

а. дагавор — дагавор, падпісваючы які дзяржава далучаецца да дагавору, заключанага раней паміж іншымі дзяржавамі.

акцэсо́рны

(ад лац. accessorius = дадатковы)

дадатковы, другарадны;

а. дагавор — дадатковы дагавор, які далучаецца да асноўнага дагавору;

а-ыя мінералы — мінералы, якія ўтвараюць колькасна малы, але часам характэрны дамешак у горных пародах.

акы́н

(цюрк. akyn)

народны паэт-імправізатар і спявак у некаторых народаў Азіі, напр. у казахаў, кіргізаў.

ала-

(гр. allos = іншы)

першая састаўная частка складаных слоў, якая выражае паняцце «іншы».

алага́мія

(ад ала- + -гамія)

апыленне кветкі адной расліны пылком кветкі іншай расліны.

алагене́з

(ад ала- + -генез)

кірунак эвалюцыі групы арганізмаў, пры якой у блізкіх відаў адбываецца змена адных прыватных прыстасаванняў другімі, а агульны ўзровень арганізацыі застаецца ранейшым.

алагі́зм

(ад а- + -лагізм)

1) што-н. нелагічнае, несумяшчальнае з лагічным мысленнем; бяссэнсіца;

2) філасофскі погляд, які адмаўляе логіку як сродак навуковага пазнання;

3) стылістычны прыём; наўмыснае парушэнне ў мове лагічных сувязей з мэтай надання камізму, іроніі і інш.

алагі́чны

(ад а- + лагічны)

нелагічны, несумяшчальны з лагічным мысленнем.

алаза́ўр

(ад ала- + -заур)

вымерлы паўзун, які жыў у мезазоі.

алаку́рт

(н.-лац. alacurt)

насякомае атрада блох, пашыранае ў Сярэд. і Цэнтр. Азіі; паразіт дамашніх і дзікіх капытных.