Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абелі́т

(ад англ. F. Abel = прозвішча англ. хіміка 19 ст.)

выбуховая сумесь з амоніевай салетры, дынітрабензолу і кухоннай солі.

абера́цыя

(лац. aberratio = адхіленне)

1) астр. уяўнае адхіленне нябесных свяціл ад іх сапраўднага месцазнаходжання, якое выклікаецца рухам Зямлі вакол Сонца;

2) фіз. скажэнне або недастатковая выразнасць паказанняў аптычных прыбораў (напр. сферычная а., храматычная а.);

3) біял. адхіленне ад нормы ў будове арганізма або ў функцыі асобных органаў;

4) перан. памылка, адхіленне ад ісціны.

аберто́н

(ням. Oberton)

муз. дадатковы, больш высокі тон, які ўзнікае пры гучанні асноўнага тона і надае яму асаблівае адценне або тэмбр (параўн. унтэртон).

абза́ц

(ням. Absatz)

1) водступ управа (чырвоны радок) у пачатку тэксту або яго часткі;

2) адносна закончаная ў сэнсавых адносінах частка тэксту ад аднаго чырвонага радка да наступнага.

абзе́тцэр

(ням. Absetzer, ад absetzen = адсоўваць)

многакаўшовы экскаватар для выемкі і перамяшчэння пустых парод на адвалах кар’ераў.

абісалі́ты

(ад гр. abyssos = бяздонны + -літ)

геал. глыбінныя горныя пароды.

абіса́ль

(ад гр. abyssos = бяздонны)

зона найбольшых марскіх глыбінь (звыш 2000 м), дзе вада мае пастаянную тэмпературу, салёнасць і шчыльнасць.

абіса́льны

(ад абісаль)

глыбакаводны (напр. а-ая зона, а-ыя адклады).

абісапелагія́ль

(ад гр. abyssos = бяздонны + пелагіяль)

самыя глыбокія, прыдонныя пласты тоўшчы вады, куды ніколі не пранікаюць сонечныя прамяні.

абісапелі́ты

(ад гр. abyssos = бяздонны + pelos = гушча)

усе віды асадачных адкладаў, якія ўтвараюцца на глыбіні звыш 2000 м.