Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

магнетро́н

(ад гр. magnes = магніт + -трон)

двухэлектродная электронная лямпа, якая працуе ў полі электрамагніту або пастаяннага магніту.

магнетызава́ць

(фр. magnétiser)

тое, што і гіпнатызаваць.

магнетызёр

(фр. magnétiseur)

уст. гіпнатызёр.

магнеты́зм

(ад гр. magnetes = магнетычны)

1) здольнасць магніта, а таксама правадніка з электрычным токам прыцягваць да сябе або адштурхоўваць некаторыя целы;

2) вучэнне аб магнітных з’явах і магнітных уласцівасцях цел.

магне́тык

(ад гр. magnes, -etos = магніт)

рэчыва, якое валодае магнітнымі ўласцівасцямі; адрозніваюць ферамагнетыкі, ферымагнетыкі, парамагнетыкі і дыямагнетыкі.

магнеты́т

(ням. Magnetit, ад гр. magnetes = магнетычны)

мінерал класа вокіслаў і гідравокіслаў чорнага колеру, які ўтрымлівае жалеза і валодае магнітнымі ўласцівасцямі; магнітны жалязняк.

магнеты́чны

(гр. magnetes)

які мае адносіны да магнетызму.

ма́гній

(рус. магний, ад н.-лац. magnesium < гр. Magnesia = назва горада ў Малой Азіі)

хімічны элемент, лёгкі, коўкі метал серабрыста-белага колеру, які гарыць яркім белым полымем.

магні́т

[рус. магнит, ад гр. Magnetis (lithos) — камень з Магнезіі, старажытнага горада ў Малой Азіі]

1) кавалак жалезнай руды або сталі, здольны прыцягваць жалезныя і стальныя прадметы, ствараць магнітнае поле (адрозніваюць натуральны і штучны м.);

2) перан. тое, што прыцягвае да сябе з незвычайнай сілай.

магніта-

(гр. magnetes = магнетычны)

першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае паняццю «магнітныя з’явы».