Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

азбе́ст

(гр. asbestos = незнішчальны)

мінерал класа водных сілікатаў магнію, жалеза і інш. з груп серпенціну і амфіболаў, здольны расшчапляцца на тонкія, трывалыя валокны; шырока выкарыстоўваецца ў тэхніцы як вогнетрывалы матэрыял; горны лён.

азбестацэме́нт

(ад азбест + цэмент)

тое, што і азбацэмент.

азбесты́т

(ад азбест)

цеплаізаляцыйны матэрыял з кароткага азбеставага валакна.

азеатро́пны

(ад а- + гр. zeo = кіплю + -тропны)

характэрны для сумесі вадкасцей, што пры перагонцы не падзяляецца на фракцыі.

азе́на

(лац. ozaena, ад гр. zo = пахну)

хранічная інфекцыйная хвароба верхніх дыхальных шляхоў чалавека, якая выклікаецца капсульнымі бактэрыямі клебсіеламі, суправаджаецца атрафіяй слізістых абалонак носа.

азі́д

(ад азот + гр. eidos = выгляд)

соль азоціставадароднай кіслаты; выкарыстоўваецца пераважна як выбуховае рэчыва.

азі́льскі

(ад фр. Mas-d’Azil = назва пячоры ў Францыі);

а-ая культура — археалагічная культура плямёнаў ранняга мезаліту.

а́зімут

(ар. as-simüt, мн. ад assamt = дарога)

1) астр. вугал паміж плоскасцю мерыдыяна дадзенага пункта і вертыкальнай плоскасцю, якая праходзіць праз гэты пункт і аб’ект назірання;

2) геад. вугал, які ўтвараецца зададзеным напрамкам руху і напрамкам на поўнач (параўн. пеленг 1).

азі́ны

(ад азот)

шасцічленныя гетэрацыклічныя злучэнні, якія змяшчаюць не менш як адзін атам азоту і выконваюць важную ролю ў працэсах жыццядзейнасці.

азо́йскі

(ад а- + гр. zoe = жыццё);

а-ая эра — тое, што і архей.