Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

малі́нія

(н.-лац. molinia)

травяністая расліна сям. злакавых з доўгім лісцем і суквеццем у выглядзе шматкаласковай мяцёлкі, пашыраная ў субтрапічных і ўмераных зонах; на Беларусі расце на забалочаных лугах, лясных палянах.

малі́раваць

(лац. mollire = рабіць мяккім, плавіць)

фармаваць разагрэтую шкляную масу, надаваць ёй пэўную канфігурацыю.

малкантэ́нт

(фр. malcontent, ад mal = дрэнны + content = задаволены)

чалавек, які незадаволены ўсім, шукае ва ўсім недахопы і адмоўныя бакі.

мало́х1

(ад. фінік. molek = цар, ад Molek = імя фінікійскага бога сонца, агню і вайны, якому прыносілі ў ахвяру людзей)

перан. сімвал бязлітаснай сілы, якая патрабуе мноства чалавечых ахвяр (напр. м. вайны).

мало́х2

(лац. moloch)

яшчарка сям. агамаў з пакрытым калючкамі целам, якая водзіцца ў пустынях Аўстраліі.

ма́лпа

(польск. małpa, ад с.-в.-ням. mūlaffe)

млекакормячая жывёла, якая па будове свайго цела самая блізкая да чалавека.

мальбе́рт

(рус. мольберт, ад ням. Malbrett)

падстаўка, на якой мастак мацуе палатно ў час работы над карцінай.

ма́льва

(лац. malva)

травяністая расліна сям. мальвавых з буйнымі белымі або ружовымі кветкамі, пашыраная пераважна ва ўмераных зонах; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

мальва́зія

(іт. malvasia, ад Malvasia = назва горада ў Грэцыі)

салодкае вінаграднае віно, якое вырабляецца на астравах Міжземнага мора і на поўдні Еўропы.

мальпі́гія

[н.-лац. malpighia, ад M. Malpighi = прозвішча іт. біёлага (1628—1694)]

дрэвавая або кустовая расліна класа двухдольных, пашыраная ў тропіках Амерыкі; некаторыя віды даюць ядомыя плады, падобныя да вішні.