Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вазелі́н

[фр. vaseline, ад ням. Was(ser) = вада + гр. elaion = аліўкавы алей]

аднародная сумесь цяжкага нафтавага масла і цвёрдых вуглевадародаў (парафіну, цэрэзіну, петралатуму), мазепадобная белая маса; выкарыстоўваецца ў медыцыне (аснова мазяў), электратэхніцы і інш.

вазо́н

(польск. wazon < іт. vaso, ад лац. vas = пасудзіна)

1) дэкаратыўная пакаёвая расліна;

2) пасудзіна разам з дэкаратыўнай пакаёвай раслінай.

ва́йшыі

(санскр. vaisja)

трэцяя з чатырох варн у Стараж. Індыі, да якой належалі купцы, земляробы, жывёлаводы, некаторыя рамеснікі.

ва́йя

(гр. baion = пальмавая галінка)

расчлянёны, падобны на галінку ліст папараці.

вака́була

(лац. vocabulum = слова)

1) іншамоўнае слова з перакладам на родную мову;

2) загаловак слоўнікавага артыкула.

вакабуля́рый

(лац. vocabularium = слоўнік)

кароткі слоўнік да хрэстаматыі або асобных раздзелаў падручніка.

вака́л

(фр. vocal, ад лац. vocalis = гучны)

вакальнае мастацтва, спевы.

вакалігра́ма

(ад лац. vocalis = гучны + -грама)

графічны паказ амплітудна-частотна-часавых характарыстык гуку.

вакалі́з

(фр. vocalise, ад лац. vocalis = гучны)

практыкаванне для голасу без слоў, якое выконваецца на адных галосных гуках; музычны твор для спеваў без слоў.

вакаліза́цыя

(ад лац. vocalis = гучны)

1) спевы на адных галосных гуках;

2) лінгв. набыццё зычным гукам складаўтваральных асаблівасцей.