Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фітала́ка

(н.-лац. phytolacca, ад гр. phyton = расліна + іт. lacca = лак)

травяністая расліна сям. лаканосавых, якая паходзіць з Паўн. Амерыкі; з’яўляецца сыравінай для здабывання алкалоідаў эфірнага алею.

фітале́ймы

(ад фіта- + гр. leimma = рэшткі)

абвугленыя або слаба змененыя рэшткі старажытных раслін у выглядзе лістоў, сцёблаў, пладоў, насення, шышак.

фітамарфо́ты

(ад фіта- + -марфоз)

выкапнёвыя ўтварэнні і адбіткі, якія нагадваюць рэшткі раслін, але сваім паходжаннем абавязаны жывёльным арганізмам або фізіка-хімічным працэсам.

фітама́са

(ад фіта- + маса)

агульная маса жывога і мёртвага арганічнага рэчыва раслін, якая прыходзіцца на адзінку паверхні або аб’ёму месцапражывання.

фітамастыгі́ны

(н.-лац. phytomastigina)

падклас жгуцікавых тыпу прасцейшых; пашыраны ў марскіх і прэсных вадаёмах; на Беларусі найбольш трапляюцца віды з родаў вальвокс, гоніум, хламідамонас, цэрацыум, эўглена, раслінныя жгуціканосцы.

фітано́мус

(ад фіта- + гр. nomos = ежа)

жук сям. даўганосікаў; шкоднік кармавых бабовых траў (люцэрны і канюшыны); даўганосік травяны.

фітанцы́ды

(ад гр. phyton = расліна + -цыды)

лятучыя рэчывы, якія ўтвараюцца многімі вышэйшымі раслінамі (цыбуляй, часнаком, хрэнам, цытрусавымі і інш.) і здольныя стрымліваць рост бактэрый, грыбоў і прасцейшых.

фітапалеантало́гія

(ад фіта- + палеанталогія)

тое, што і палеабатаніка.

фітапатало́гія

(ад фіта- + паталогія)

навука пра хваробы раслін і меры барацьбы з такімі хваробамі.

фітапланкто́н

(ад фіта- + планктон)

сукупнасць раслін, пераважна водарасцей, якія свабодна плаваюць у верхніх слаях вадаёмаў.