Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

табло́

(фр. tableau = карціна, ад лац. tabula = дошка)

шчыт, на якім пры дапамозе светлавога сігналу перадаецца якая-н. інфармацыя.

табльдо́т

(фр. table d’hôte = агульны стол)

абедзенны стол з агульным меню ў гасцініцах, рэстаранах, пансіёнах, курортных сталовых.

табу́

(палінез. tabu)

1) рэлігійная забарона ў першабытных народаў на якое-н. дзеянне, прадмет, за парушэнне якой вінаваты нібыта караецца звышнатуральнымі сіламі;

2) перан. наогул, што-н. забароненае;

3) забарона на ўжыванне пэўных слоў, абумоўленая гістарычнымі, сацыяльна-палітычнымі, культурнымі, этычнымі фактарамі.

табулату́ра

(с.-лац. tabulatura, ад лац. tabula = дошка, табліца)

1) літарная і лічбавая сістэма запісу музыкі ў еўрапейскіх краінах у 14—18 ст.;

2) правілы, якія рэгламентавалі форму і змест музычна-паэтычнага мастацтва мейстэрзінгераў.

табулягра́ма

(ад лац. tabula = дошка, табліца + -грама)

папяровая стужка з літарным або лічбавым тэкстам, надрукаваным на табулятары.

табуля́тар

(ад лац. tabula = дошка, табліца)

1) вылічальная машына для аўтаматычнай апрацоўкі інфармацыі;

2) прыстасаванне ў пішучых машынках для друкавання табліц.

табуля́ты

(н.-лац. tabulata, ад лац. tabula = дошка, табліца)

падклас вымерлых каралавых паліпаў, жылі ў кембрыі — пермі (гл. палеазой).

табу́н1

(кр.-тат., тур. tabun)

статак коней, а таксама аленяў або некаторых іншых капытных жывёл.

табу́н2

(англ. tabun)

атрутнае рэчыва, бясколерная вадкасць, што паражае цэнтральную нервовую сістэму.

табурэ́т

(фр. tabouret)

род мэблі для сядзення, звычайна квадратнай формы без спінкі.