Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нео́н

(н.-лац. neon, ад гр. neos = новы)

хімічны элемент, газ без колеру і паху, які выкарыстоўваецца ў электрычных лямпачках, рэкламных і іншых асвятляльных прыладах.

непаты́зм

(ад лац. nepos, -otis = унук, нашчадак)

раздача рымскімі папамі даходных пасад, вышэйшых царкоўных званняў сваякам для ўмацавання ўласнай улады.

непе́нтэс

(н.-лац. nepenthes, ад гр. nepenthes =болесуцішальны)

травяністая расліна сям. непентэсавых з глечыкападобнымі ўтварэннямі на лістах для лоўлі насякомых, пашыраная ў тропіках і субтропіках.

не́пер

[англ. D. Napier = прозвішча шатл. матэматыка (1550—1617)]

адзінка лагарыфмічнай адноснай велічыні.

нептуні́зм

(ад лац. Neptunus = імя бога мора ў старажытнарымскай міфалогіі)

кірунак у геалогіі, пашыраны ў канцы 18 — пач. 19 ст., прыхільнікі якога лічылі, што ўсе горныя пароды ўтварыліся ў марскіх басейнах шляхам крышталізацыі або асядання.

непту́ній

(н.-лац. neptunium, ад лац. Neptunus = назва планеты сонечнай сістэмы)

штучны радыеактыўны хімічны элемент, серабрыста-белы метал, які належыць да актыноідаў.

нералі́н

(ад нерал)

арганічнае злучэнне, бясколернае крышталічнае рэчыва з прыемным пахам, які нагадвае пах чаромхі.

нерв

(лац. nervus = жыла, сухажылле)

1) кожны з тонкіх адросткаў-валокнаў, якія адыходзяць ад галаўнога і спіннога мозгу і ўтвараюць разгалінаваную сістэму, здольную кіраваць дзейнасцю арганізма;

2) перан. асноўная дзейная сіла чаго-н.

нерва́цыя

(фр. nervation, ад лац. nervus = жыла, сухажылле)

1) размеркаванне жылак на пласцінках лістоў і крылах насякомых, жылкаванне;

2) уст. нервовае расстройства.

нерві́зм

(ад лац. nervus = жыла, сухажылле)

вучэнне аб вядучай ролі нервовай сістэмы ў працэсах жыццядзейнасці арганізма, якое распрацавана І. П.Паўлавым.