Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нейзі́льбер

(ням. Neusilber = новае серабро)

сплаў медзі з нікелем і цынкам, які вызначаецца стойкасцю да карозіі; выкарыстоўваецца для вырабу пасуды, медыцынскіх інструментаў, а таксама ў машынабудаванні.

нейл

(англ. nail)

адзінка даўжыні ў англійскай сістэме мер, роўная 5,715 см.

нейло́н

(англ. nylon)

сінтэтычнае поліаміднае валакно, а таксама тканіна з такога валакна.

нейра-

(ад гр. neuron = нерв)

першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на сувязь якіх-н. прадметаў, з’яў з нервовай сістэмай.

нейраанато́мія

(ад нейра- + анатомія)

раздзел анатоміі, які вывучае форму і будову нервовай сістэмы і яе органаў.

нейрабіёніка

(ад нейра- + біёніка)

кірунак у біёніцы, звязаны з вывучэннем і мадэліраваннем дзейнасці цэнтральнай нервовай сістэмы чалавека і жывёл для выкарыстання заканамернасці іх будовы пры стварэнні новых тэхнічных прыстасаванняў, кібернетычных сістэм.

нейрабла́сты

(ад нейра- + -бласты)

клеткі, якія з’яўляюцца папярэднікамі нейронаў, ад якіх адрозніваюцца здольнасцю да дзялення, малымі памерамі, нізкім змяшчэннем бялку.

нейрагармо́ны

(ад нейра- + гармоны)

рэчывы, якія выпрацоўваюцца ў нервовых клетках і выдзяляюцца ў кроў або тканкавую вадкасць; дзейнічаюць у арганізме як гармоны.

нейрагінекало́гія

(ад нейра- + гінекалогія)

раздзел медыцыны, які вывучае ўзаемасувязь паміж захворваннямі жаночай палавой сферы і нервовай сістэмы.

нейраглі́я

(ад нейра- + гр. glia = клей)

тканка нервовай сістэмы жывёльнага арганізма, у якой размешчаны нервовыя клеткі (нейроны) і іх адросткі.