Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

амфіліні́ды

(н.-лац. amphilinida)

клас плоскіх чарвей; паразіты рыб і чарапах.

амфіма́кр

(гр. amphimakrqs = падоўжаны з абодвух бакоў)

трохскладовая стапа ў антычным вершаскладанні, якая складаецца з двух доўгіх складоў і аднаго кароткага пасярэдзіне.

амфімі́ксіс

(ад амфі- + -міксіс)

характэрны для большасці жывёл і раслін тып палавога працэсу, пры якім адбываецца зліццё ядраў мужчынскай і жаночай палавых клетак.

амфіпацыфі́чны

(ад амфі- + англ. Pacific = Ціхі акіян)

звязаны з раз’яднаным пашырэннем марскіх арганізмаў у паўночнай палавіне Ціхага акіяна, калі яны сустракаюцца каля ўзбярэжжа Азіі і Паўн. Амерыкі, але адсутнічаюць у адкрытай частцы акіяна (напр. губкі, ігласкурыя, сардзіны).

амфіпо́ды

(ад амфі- + -поды)

атрад ракападобных, якія жывуць пераважна ў морах, але сустракаюцца і ў прэсных вадаёмах; служаць ежай для прамысловых рыб, цюленяў, кітоў; бакаплавы.

амфіпро́ра

(н.-лац. amphiprora)

аднаклетачная дыятомавая водарасць сям. навікулавых, якая пашырана пераважна ў саленаватаводных і марскіх вадаёмах, радзей у прэснаводных.

амфіпро́стыль

(гр. amphiprostylos)

тып старажытнагрэчаскага прамавугольнага храма з калоннымі порцікамі на тарцовых фасадах.

амфісбе́ны

(н.-лац. amphisbaenia, ад гр. amphi = вакол, з абодвух бакоў + baino = іду)

сямейства яшчарак, пашыраных у тропіках; здольныя рухацца па падземных хадах уперад і назад.

амфітакі́я

(ад амфі- + гр. tokos = родны)

адна з формаў партэнагенезу, пры якім нашчадкі складаюцца толькі з самцоў або самак (назіраецца ў тлі).

амфітрыён

(гр. Amphitryon = імя міфалагічнага героя, які славіўся сваёй гасціннасцю)

перан. гасцінны гаспадар дома, кватэры.