Сукро́та ’стакроць’ (Ласт.). Утворана пры дапамозе прыстаўкі су- ад назоўніка кро́та ’раз’ (Ласт.), гл. кроць ’тс’, што адпавядае укр. крат, крот, кроть, рус. крат, польск. kroć, кашуб. krot, в.-луж. króć, н.-луж. krot, чэш., славац. ‑krát, славен. krat, серб.-харв. кра̑т, балг. крат, дыял. крат ’частка аршына, роўная 2 см’, ст.-слав. кратъ ’раз’. Прасл. *kortъ адпавядае літ. kar̃tas ’раз’, kartá ’рад, пласт’, лат. kārta ’тс’ і ўзыходзіць да і.-е. *(s)kert‑ ’рэзаць, адрубаць’. Праблему складае адсутнасць поўнагалосся ва ўсходнеславянскіх формах, што тлумачаць уплывам царкоўнаславянскай або запазычаннем са стараславянскай мовы, гл. Фасмер, 2, 368; Шустар-Шэўц, 676; ЕСУМ, 3, 79. Адзінкавая фіксацыя слова прымушае думаць пра яго штучнае паходжанне.
Су́крут ’закрутка на нітцы’ (Сл. Брэс.), су́крутка (Янк. 2; бяроз., лун., Шатал.), сукру́тка ’тс’ (Варл.), су́крутак ’тс’ (капыл., Сл. ПЗБ), су́круток, сукру́та, су́крутнік, су́круцень, су́крутка ’тс’ (Уладз.), су́крутка, сукру́ціна ’месца ў нітцы, дзе яна скучылася’ (Нік., Оч.), сукру́т ’закрутка на нітцы’, ’клубок накроеных лык (у выглядзе васьмёркі)’ (ТС), су́крутак ’сувой’ (ЛА, 4), сукру́ток ’сувой валакна’ (Уладз.), су́круцень ’закрутка на нітцы’, ’скрутак рэчаў’ (Ян.). Укр. дыял. су́круткі, рус. дыял. сукру́тина ’тс’. Да скруціць < круціць (гл.). Гл. спецыяльна Борысь, Prefiks., 3.
Сукру́ха ’скруха, смутак’ (Нас.; віц., Шн.), ’пакаянне’ (Нар. Гом.), ’захворванне’ (полац., Нар. лекс.), сукру́шлівы, сукру́шны ’спачувальны’ (ТС). Рус. дыял. сукру́ха ’тс’. Аддзеяслоўны дэрыват з прэфіксам су-, суадносны з назоўнікам крух (гл.), *крушыць ’разбіваць’, параўн. руйнаваць, рус. сокруша́ться ’смуткаваць’. Па фармальных прыкметах і шырокаму распаўсюджанню ў народнай мове не з’яўляецца адаптацыяй запазычання скруха, гл.
Сукры́сты ’кучаравы’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ; Мат. Маг.), сукрі́стый ’тс’ (мсцісл., З нар. сл.), ’крута спрадзены’ (в.-дзв., швянч., Сл. ПЗБ). Гл. сукро.
Су́крыцца ’завівацца’ (Касп.). Трубачоў (Слав. языкозн., V, 183) бачыць дзве магчымасці тлумачэння паходжання слова: са слав. *sukriti sę, звязанага з прым. *sukrъ(jь) і, далей, з *sučiti, *sъkati (гл. сукаць) або ад літ. sukrùs ’вяртлявы, жвавы’, sùkras ’тс’, лат. sukrs ’жвавы, энергічны’. Гл. таксама сукро.
Суку́пны ’сумесны, агульны, аб’яднаны’ (ТСБМ). Дзеепрыметнік, утвораны ад дзеяслова ку́піць ’збіраць у адно’ (Ласт.) з прыст. су-; аднак адсутнасць утварэнняў тыпу *сукупіць або *сукупа схіляе да думкі пра няпоўную кальку з рус. совокупный ’агульны, злучаны ў адно’ (з ц.-слав., гл. Фасмер, 3, 705). Гл. купа 1.