Сукро́та ’стакроць’ (Ласт.). Утворана пры дапамозе прыстаўкі су- ад назоўніка кро́та ’раз’ (Ласт.), гл. кроць ’тс’, што адпавядае укр. крат, крот, кроть, рус. крат, польск. kroć, кашуб. krot, в.-луж. króć, н.-луж. krot, чэш., славац. ‑krát, славен. krat, серб.-харв. кра̑т, балг. крат, дыял. крат ’частка аршына, роўная 2 см’, ст.-слав. кратъ ’раз’. Прасл. *kortъ адпавядае літ. kar̃tas ’раз’, kartá ’рад, пласт’, лат. kārta ’тс’ і ўзыходзіць да і.-е. *(s)kert‑ ’рэзаць, адрубаць’. Праблему складае адсутнасць поўнагалосся ва ўсходнеславянскіх формах, што тлумачаць уплывам царкоўнаславянскай або запазычаннем са стараславянскай мовы, гл. Фасмер, 2, 368; Шустар-Шэўц, 676; ЕСУМ, 3, 79. Адзінкавая фіксацыя слова прымушае думаць пра яго штучнае паходжанне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)