Купі́ць ’набыць за грошы’ (ТСБМ, Бяльк., ТС, Сл. паўн.-зах.). Укр. купити, рус. купить, ст.-слав. коупити, балг. купя, серб.-харв. ку́пити, славен. kúpiti, польск. kupić, чэш. koupiti, славац. kúpiť, в.-луж. kupić, н.-луж. kupiś ’тс’. Прасл. kupiti лічыцца запазычаннем з гоц. kaupon ’таргаваць, гандляваць’, а германскія словы — з лац. caupo ’крамар’ (Бернекер, 647; Траўтман, 123; Кіпарскі, 204). Аднак існуе іншая магчымасць вытлумачыць паходжанне славянскіх лексем. Лац. caupo ў сваю чаргу разглядаецца як запазычанне з невядомай мовы. Яго можна звязаць са ст.-грэч. κάπηλος ’крамар’, калі прыняць для апошняга κάπηλος (< *κϜαπηλος): caupo‑ *ku̯op‑: *kou̯p‑. Сюды ж можна аднесці і тах. kappi ’серабро’ (< *kou̯p‑): ст.-грэч. καπηλεία ’гандаль’ ∼ тах. kappi ’серабро’. І.‑е. ku̯op тады разглядаецца як назва адзінкі натуральнага абмену. Параўн. прасл. kopa (гл. капа) (ст.-польск. і ст.-чэш. kopa ’грашовая адзінка’). Калі гэта так, мы можам рэканструяваць *ku̯op‑/*kou̯p‑ і аднесці сюды прасл. kupiti. Германскія словы можна разглядаць як славянізмы (далейшую аргументацыю гл. у Мартынава, Лекс. взаим., 161–166).
Ку́піць ’гарэць без полымя, дымець’ (Мартынаў, Зб. Крапіве, 210), якое суадносіцца з ко́паць (< *ku̯op‑) як аблаўтны варыянт *koup‑. Гл. купець і капцець.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)