Ка́па ’ўзорыстае пакрывала на ложак’ (ТСБМ, Сцяшк., Клім., Нас.), ’скураное пакрыццё хамута’ (в.-дзвін., свісл., Шатал.; Масл.; Клім., Сл. паўн.-зах.; КЭС, лаг.). З польск. kapa ’тс’, якое з познелац. cappa ’пакрыццё галавы’, ’плашч з капюшонам’ (Слаўскі, 2, 49–50; Фасмер, 2, 183).

Капа́ ’куча сена, саломы, складзеная конусам, невялікі стажок’ (ТСБМ, Сцяшк., Бяльк., Сержп., Грам., Яруш., Мал.; КЭС, лаг.); драг. копняк (З нар. сл.), міёр. къпяшка ’тс’ (Нар. сл.), капіца, капешка (Інстр. I); капа ’пяцьдзесят адзінак, штук’ (Шпіл.; усх.-бел., КЭС), ’мера ў 60 адзінак, штук’ (Мал., Гарэц., Сцяшк.; слуц. Лекс. і грам.; Зяп., Сержп. Грам., Бяльк., Нік. Очерки; КЭС, лаг.; ТСБМ); ’сход сялян’ (ТСБМ), ’сельскі правінцыяльны з’езд у Вялікім княстве Літоўскім’ (Яшк.). Прасл. kopa ўтворана ад kopati (Трубачоў, Эт. сл., 11, 10–12; там жа і літаратура). Блізкія і.-е. адпаведнікі: літ. kãpas ’капец (магіла)’, kapaĩ ’могілкі’ (параўн. бел. капцы́ ’курганы’), лат. kaps ’магіла’, ’60 штук’, літ. kopà ’пясчаная дзюна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)