Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Абамбе́рыць ’дрэнна пастрыгчы, як авечку’ (Янк. Мат., Цыхун, вусн. паведамл.). Ці не з літ. bámbaras ’густая воўна, нягоднік’? Дзеяслоў, магчыма, утварыўся ўжо на беларускай глебе ад назоўніка літоўскага паходжання, сляды якога не захаваліся. Гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 1, 19. Іншая версія: ад *абалберыць да польск. balwierz ’цырульнік’ (Трубачоў, пісьмова).

Абамрава́ць ’аслабець’ (Касп.) да абмерці.

Абанеме́нт (БРС) запазычанне праз рускую мову ў XX ст., Крукоўскі, Уплыў, 78. У рускай мове з франц. abonnement у першай палавіне XIX ст., Шанскі, 1, А, 15. Беларускія слоўнікі 20‑х гадоў XX ст. фіксуюць разам з канкурэнтным перадплата. Гл. Гіст. мовы, 2, 205.

Абані́ты ’пешчаны, балаваны’ (Касп.), параўн. рус. пск. абанитый ’неслух, свавольны, балаваны, хітры’. Мабыць, абаніты < *абабніты. Параўн. рус. бабнить ’спавіваць’ і рус. арх. банить ’тс’ (абое да баба). Гл. Мартынаў, SlW, 64, і бабіць.

Аба́пал ’з двух бакоў’, ст.-бел. обаполъ (Нас. гіст.), обополный ’узаемны, сумесны’ з 1553 (Булыка, Запазыч.), ст.-рус. обаполъ, ст.-польск. obopol, чэш. obopol, серб.-харв. obapol (XVI ст.) да прасл. *oba poly (Карскі 2-3, 74, 89). Гл. абое і пала.

Абапну́цца ’акрыцца’ (Шат., Янк. I, Арх. ГУ), ’акрыцца (хусткай), завязаць (фартух)’, абапнуць ’акрыць што-небудзь, чым-небудзь, накінуць што-небудзь на што-небудзь’ (Янк. I), абапінаха ’вялікая хустка’ (ДАБМ) да прасл. *pęti, рьно ’напяць, напінаць’. Бел. абапнуць, магчыма, узнікла пад уплывам літ. apipìnti, apipinù ў тым жа значэнні (літ. pìnti генетычна тоеснае прасл. pęti). Параўн. абпянуцца (Янк.) (гл.).

Аба́рак ’валік у плузе або возе’ (КСТ) < ст.-польск. bark ’тс’ (да польск. barki ’плечы’). Параўн. абарак або каромысʼол ’прыстасаванне для прыпрагання каня’ (КТС). Гл. Мартынаў, SlW, 68, і барак.

Абара́нак (БРС, КТС), польск. obarzanek, obwarzanek (да польск. obwarzony). Рус. баранка < бел. (а)баранак (цвёрдае р, параўн. польск. obarzanek) (гл. Трубачоў, Дополн., 1, 124).

Абарача́цца ’бываць у розных мясцінах’ (Шат.), ’перакульвацца, абыходзіцца’ (Нас.), абарачывацца ’тс’ (Юрч.), абарачываць ’перакульваць, пераварачваць’ (Юрч.), абварачацца, абварачываць. Гл. варочаць.

Абарлю́хта ’фрамуга’ (Сцяц.); обэрлюхт ’верхняя рама акна, якая адчыняецца як фортачка’ < польск. oberluft ’тс’ < ням. Oberluft ’тс’ і ’верхняе паветра’ (Дарашэўскі, V, 434).