Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сураві́зна ’нябеленае льняное палатно’ (в.-дзв., астрав., мін., Сл. ПЗБ; ашм., Нар. ск.; мёрск. Ск. нар. мовы), ’прыродная афарбоўка саматужных нітак і палатна сівога ці рудаватага колеру’ (Варл.), ’рудая вада ад суравога палатна’ (шчуч., швянч., віл., Сл. ПЗБ), ’суравы, руды колер’ (смарг., лід., Сл. ПЗБ), ’балота з іржавай вадой’ (швянч., Сл. ПЗБ). Да суравы́ з суф. ‑ізна, аб якім гл. Сцяцко, Афікс. наз., 103.

Сураві́на ’суравы, руды колер’ (іўеў., Сл. ПЗБ). Да суравы, гл.

Суравы́ ’нябелены (пра ніткі, палатно)’ (Касп., Шат.; мёрск., Ск. нар. мовы), ’нявыбелены, недастаткова апрацаваны (пра палатно сівога і жаўтаватага колеру)’ (Сцяшк., Варл.), суровы́ ’тс’ (Уладз.), су́равы (су́ровый) ’макраваты’, ’сыры, незвараны’, ’жорсткі’ (Нас.), суро́вы ’нябелены, грубы (пра палатно)’ (Бяльк., Шат.; мёрск., Ск. нар. мовы; Уладз.), сыровы́ ’нябелены, руды (пра палатно і пражу)’, сюды ж сураве́ц ’сырыца (скура)’ (Федар. 4), суро́вец ’гатунак палатна’ (Дэмб. 2). Фармальна і этымалагічна цяжка адмежаваць ад суро́вы (гл.), параўн. суравы́ ’суровы’ (Ян.). Параўн. укр. суро́вий ’грубы, неапрацаваны’, рус. дыял. суро́вый ’тс’, польск., в.-н.-луж. surowy ’сыры, нябелены (пра палатно)’, чэш., славац. surový ’сыры, неапрацаваны, дачышчаны’, славен. suròv ’сыры, недавараны, неапрацаваны’, балг. суро́в ’сыры’, макед. суров ’сыры, неапрацаваны’, ст.-слав. соуровъ ’сыры, грубы’. Прасл. *surovъ ’сыры, сыраваты’ звязана чаргаваннем з *syrъ (гл. сыры), гл. Фасмер, 3, 807; ЕСУМ, 5, 480. Адносна развіцця колеравай семантыкі параўн. балг. сур ’сіваваты, рудаваты’, серб.-харв. дыял. су̑р ’сівы’, макед. сур ’шэры’, гл. Бярнар, Бълг. изслед., 291 і наст.

Сура́гі ’рагі (пацёкі на вокнах)’ (ст.-дар., Сл. ПЗБ), суру́гі ’тс’ (слуц., Сл. ПЗБ), суро́гі ’рагі поту’ (люб., Жыв. НС), сурагі́ ’сляды поту, слёз на твары’ (ЛА, 3). З літ. srúogos ’тс’ (Сл. ПЗБ, там жа). Пра іншыя варыянты тлумачэння паходжання слова гл. рага.

Су́рада ’змалку, ад маленства’ (мядз., Сл. ПЗБ). З су- і род1 (гл.), параўн. зро́ду ’ад самага нараджэння’ (< *sъ‑rodu). Сюды ж, відаць, сурдо́лле ’нядобры чалавек’ (Мат. Маг.) з пропускам (сінкопай) галоснага (параўн. су́рметка < су́раметка, гл. сурамяць), суф. ‑ол‑ і развіццём “адмоўнай” семантыкі па тыпу вырад, вырадак (гл.). Да формаў зборнасці ў экспрэсіўных назоўніках параўн. недачупалле, незграбоцце і пад.

Сураджа́ць ’збіраць, рыхтаваць (у дарогу)’ (віц., Рам.; Нар. Гом., Ян.), суріджа́ць ’тс’ (Бяльк.), сураджа́ннік ’той, хто збірае, рыхтуе’, сураджа́цца ’збірацца, рыхтавацца’ (Гарэц.). Да рад, радзіць, гл.

Су́рамяць ’сырыца, сырамятная скура’ (Цых.), су́рам ’тс’ (З нар. сл.), суромец ’тонкі скураны раменьчык’ (Сержп.), су́рметка ’папруга, повад з сырамяці’ (Сл. ПЗБ). Гл. сырамяць.

Сурві́на ’сасна з адным больш смалістым бокам’ (Касп.). Этымалагічна непразрыстае слова. Можна звязаць з балг. і макед. су́рвы, сурвѝски ’абрадавыя галінкі, дубчыкі, кіёчкі, якімі ўдзельнікі навагодніх абходаў б’юць гаспадароў з пажаданнямі здароўя, ураджаю і пад.’, што, паводле Младэнава, утвораны ад суров са значэннем ’моцны, здаровы’; параўн. побач з пажаданнем сурва година! варыянт сурова, весела година! і суров(а) даси! (Плотнікава, Этнолингв. геогр., 106). Гл. суровы; да фанетыкі параўн. дзе́рва ’дрэва’, ’стрэмка’ (Стан.) < дзерава, гл.

Сурвэ́та, сурвэ́тка ’кавалак тканіны або паперы для гігіенічных мэт’, ’абрус’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), сурвэ́та, сарвэ́та ’абрус, настольнік’ (паст., швянч., брасл., Сл. ПЗБ), сурвэ́та ’сурвэтка’ (Сцяшк.), ’цырата’ (Гіл.), ’святочны абрус фабрычнай работы з узорамі’ (ДАБМ, камент., 925), сурвато́ўка ’фабрычнага вырабу хустка з узорамі’ (маладз., Гіл.), ст.-бел. сервета ’абрус, настольнік’ (Ст.-бел. лексікон). З польск. serweta, якое ад франц. serviette < servir ’служыць’ (Кюнэ, Poln., 96; SWO, 679). Гл. яшчэ сарвэта.

Сурга́н ’неспакойны хлопец’ (Бяльк.); прозвішча Сурганаў Бірыла (Бел. антр., 3, 399) параўноўвае з укр. жарт. сурга́нити ’прасці’, сурга́нитися ’з цяжкасцю ісці, ехаць, клясціся’. Няясна; параўн. ЕСУМ (5, 479).