Рад 1 ’лінія аднародных прадметаў’, ’шэраг’, ’прабор у валасах’ (ТСБМ), ’засеяная баразна’, ’пласцінка ў грыбе’ (Нар. словатв.), ’шарэнг’, ’вуліца’ (Ян.), ’пракос’ (Сл. ПЗБ), ’валок скошанага сена’ (ТС, ПСл), ’пласт’ (Янк. 2), ’пропуск пры касьбе’ (Мат. Гом.), ’рад’, ’чарга’ (Гарэц.), ’раскладка снапоў для малацьбы’ (ДАБМ), ст.-бел. радъ ’шэраг’, укр. ряд, рус. ряд, польск. rząd, чэш. řád ’парадак’, ’клас (бат.)’, ’строй’, славац. rád, в.-луж. rjad, н.-луж. rěd, славен. rȇd ’парадак’, ’ярус’, ’рад’, серб. ре̑д харв. rȇd, мак. ред, балг. ред ’рад, парадак, радок’, ст.-слав. рѧдъ. Да прасл. *rędъ. Звязваюць з *orǫdьje (> рус. ору́дие) і збліжаюць з літ. дыял. rindà ’рад’, ’лінія’, лат. riñda ’тс’ (Фасмер, 3, 536; Чарных, 2, 134), этымалогія якіх цьмяная. Махэк₂ (529) лічыць роднасць з балтыйскімі словамі няпэўнай і прапануе збліжаць прасл. *rędъ з лац. ōrdō (аснова *orden‑) ’рад’, ’чарада’, ’строй’, якое звязваюць з ōrdior ’навіваю аснову’, ’нанізваю’, ’стаўлю ў рад’ і далей са словамі, што ўзыходзяць да і.-е. кораня *ar‑ ’далучаць’, ’звязваць’.
Рад 2 ’намер, дапамога, толк’, ’справа’ (Ян.), серб. ра̑д ’праца’, ра́дити ’працаваць’, балг. ра́да ’работа’, ра́дя, ра́да ’працаваць’. Да прасл. *radъ ’праца’, *raditi ’працаваць’. Яцвяжская паралель — rada ’праца’, radid ’рабіць, працаваць’ (калі гэта не запазычанне са славянскіх моў) сведчыць аб заходнебалтыйскай старажытнасці слова. Этымалогія няпэўная. Паводле Скока (3, 97), развіццё семантыкі ішло па лініі ’клопат, старанне’ → ’старанная праца’. Мяркуецца, што прасл. *raditi узыходзіць да іран. rōd‑ ’карчаваць, церабіць’ (Мартынаў, Праслав. язык, 37–38), што цяжка давесці. Параўноўваюць таксама са ст.-інд. rādhayati ’ён робіць’, авесц. raẟaiti ’ён падрыхтоўвае, уладкоўвае’ (БЕР, 6, 145). Гл. радзець.