Дзе́рава ’дрэва’, таксама і ў форме дзе́раво (Сцяшк.). Апошняе, аднак, азначае ’матэрыял для будаўніцтва’. Форма дзе́рава зыходзіць, бясспрэчна, да прасл. лексемы *dervo, якое дало пачатак славянскім формам: рус. де́рево, укр. де́рево, польск. drzewo, чэш. dřevo, балг. дре́во, серб.-харв. дре̑во, ст.-слав. дрѣво і г. д. Роднаснымі формамі для прасл. *dervo ’дрэва’ лічацца літ. dervà ’смала; смалістае дрэва’, ст.-інд. dā́ru‑ ’дрэва’, кімр. derwen ’дуб’ і г. д. Тут вельмі разгалінаванае сямейства слоў з шматлікімі роднаснымі формамі, аблаўтнымі суадносінамі вакалізму і да т. п. З вялікай літаратуры параўн. Слаўскі, 1, 174; Фасмер, 1, 502; Трубачоў, Эт. сл., 4, 211–213.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)