Суро́вы ’цвёрды, непахісны’, ’вельмі строгі’, ’патрабавальны, невыносны’ (ТСБМ), ’жорсткі, строгі, люты, няўмольны’ (Некр. і Байк.), ’сур’ёзны’ (ТС), ’мулкі (аб вяроўцы)’ (Нас.), ’макраваты; які яшчэ не зварыўся, сыры’, ’нябелены (пра палатно, ніткі)’ (Байк. і Некр., Бяльк., Мат. Маг., Уладз., Сержп. Прымхі, ЛА, 4; круп., свісл., Нар. сл.), су́равы ’тс’ (Нік., Оч.), суравы́ ’тс’ (Сл. ПЗБ, Касп., Мат. Гом., Ян.), ’пра грубыя льняныя ніткі’ (ушац., Нар. лекс.), сурову́ ’нябелены’ (ТС), ст.-бел. соуровъ: рѧзанци соуровии члвци (Летапіс Аўрамкі XV ст., Карскі 2-3, 393). Укр. суро́вий ’нябелены’, рус. суро́вый ’суровы, строгі’, ’нябелены; нявыраблены, неачышчаны’, стараж.-рус. суровъ ’сыры; дзікі’, польск. surowy ’строгі, смелы; неапрацаваны’, в.-луж., н.-луж. surowy ’сыры, згатаваны’, чэш., славац. surovy ’неапрацаваны’, ’суровы, жорсткі’, серб.-харв. суров(и) ’суровы, грубы’, балг. суро́в ’сыры; жорсткі; свежы, сакавіты’, макед. суров ’сыры, неапрацаваны, суровы, жорсткі’, ст.-слав. соуровъ ’сыры, дзікі, жорсткі’. Прасл. *surovъ/*syrovъ ’суровы, неапрацаваны, свежы, вільготны’ < прасл. *surъ/*syrъ ’сыры, свежы, вільготны’; гл. яшчэ сыры. Роднаснае ст.-ісл. saurr ’сырая зямля’, súrr ’кіслы’, алб. hirrë ’сыроватка’, з і.-е. кораня *sū‑ro‑, *sou̯‑ro‑; гл. Траўтман, 294; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1134; Фасмер, 3, 807; Борысь, 587; Глухак, 595. Шустар-Шэўц (1379–1380) звяртае ўвагу на семантычную апазіцыю ’сыры, негатаваны, неапрацаваны’ і ’суровы, строгі, жорсткі’, якія разглядаюцца як амонімы ў ЕСУМ, 5, 480. Махэк₂ (593) услед за Бугай (РФВ, 67, 245) прымае роднасць з прасл. *sěverъ ’поўнач’, усх.-літ. šiaurùs ’пранізлівы (вецер)’, atšiaurùs ’суровы’, лац. caurus ’паўночна-ўсходні вецер’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)