Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Суглі́чыць ’зрабіць ненармальным фізічна’, суглі́чэны ’няскладны, нязграбны’ (ТС). Няясна.

Сугло́б ’сустаў, патаўшчэнне на суставах’ (усх.-палес., Б. Сачанка), ’гарбаты чалавек’ (Бяльк.), сугло́біна ’высокі сагнуты чалавек’ (Бяльк.), сугло́п, сугло́біна ’высокі, няўклюдны падлетак’ (кіраў., Нар. сл.), сугло́бісты ’сутулы’ (Ян.), сугло́бы ’пануры’ (Ласт.), сугло́біцца ’згорбіцца, скрывіцца’ (Варл.). Параўн. укр. сугло́б ’згіб, сустаў’, рус. смал. сугло́бый, сугло́ба ’хмурны чалавек, нелюдзень’; сюды ж польск. zgłoba ’перашкода, запор; клопат, турботы’, серб.-харв. зглоб ’тс’, славен. zglób ’тс’, балг. сглоб ’стык, злучэнне; сустаў’, макед. зглоб ’згіб; сустаў’. Прасл. *sǫglobъ/*sъglobъ — аддзеяслоўны дэрыват ад *sъ‑globiti ’злучыць’, параўн. укр. згло́бити ’злучыць клінам’, балг. сглобя́вам ’злучаць, складваць, прыводзіць у парадак’, прэфіксальнага дэрывата ад прасл. *globiti < прасл. *globa ’кол, шост, жэрдка’ (Борысь, Prefiks., 118–119; Фасмер, 3, 793). Развіццё значэнняў ’злучэнне, патаўшчэнне’, ’сагнуты, нахілены, гарбаты’ > ’той, хто глядзіць спадылба’. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 466; ЭССЯ, 6, 131–134. Параўн. аглобля (гл.).

Су́гляды ’агледзіны’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб., Бяльк.), сугля́ды (Сл. Брэс., Мат. Гом.). Да су- і глядзець, параўн. агледзіны.

Сугне́й ’нелюдзень, дзіклівы, пануры чалавек’ (ТСБМ, Сцяшк., Бір. Дзярж.; чырв., З нар. сл.), сугне́д ’тс’ (карэліц., Нар. лекс.), сугне́т ’тс’ (Сцяшк. Сл.). Конфікснае ўтварэнне су- + ‑й ад гне́сці, гняту (гл.); сугнед і сугнет утвораны ад асновы прэзенса з узнаўленнем этымалагічнага ‑е‑ пад націскам. Да семантыкі параўн. гне́сца ’скнарнічаць, быць скупым для самога сябе’ (Гарэц.). Іншага паходжання, відаць, сагне́й ’зняважліва пра сагнутага, гарбатага’ (Варл.), якое да сагнуцца, гл. гнуць.

Суго́н у фразеалагізме гнаць у сугон ’настойліва неадступна прымушаць’ (Янк. БФ), ’пагоня’, суго́н‑паго́н ’тс’ (Гарэц.), суго́н ’месца павароту плуга’ (лельч., Лекс. Бел. Палесся), ’сцяжынка, пратоптаная жывёлай’ (слаўг., Яшк.). Рус. дыял. (паўн.) суго́н ’пагоня’; ад су- і гон < гнаць; гл. Фасмер, 3, 793.

Суго́р ’невялікі пагорак’ (Яшк.), ’гурба снегу’ (Ласт.), суго́рак ’пагорак; узгорак’ (Сл. ПЗБ, ПСл), ’гурба снегу’ (Яшк., ЛА, 2). Укр. су́горок ’невялікае ўзвышэнне’, рус. паўн. суго́р, су́го́рок ’тс’. Да гара, гл. Борысь (Prefiks., 142) бачыць тут значэнне ’месца, падобнае да таго, якое названа ў корані’.

Сугро́б ’гурба намеценага снегу’ (Бяльк., Яшк., Сл. ПЗБ; усх., ЛА, 2). Ст.-бел. сугропь, суграпъ ’гурба снегу’ (XVI ст., ЖНС), ст.-рус. (XV ст.) сугробъ ’гурба, стос’, укр. сугро́б ’узвышша, узгорак’. Дыял. прасл. *sǫgrobъ < *sъ‑grebti ’згрэбці’ з апафаніяй у корані; гл. Борысь, Prefiks., 102. Параўн. серб.-харв. дыял. су̑греб ’сверб, хвароба скуры; паводле народных вераванняў — вынік таго, што чалавек наступіў на месца, дзе сабака гроб зямлю’ (Элезавіч, 2), балг. дыял. сугреб ’тс’.

Сугру́б ’скрутак палатна і інш.’ (ТС), ’кавалак палатна для бялення’: на два сугру́бы разрэзаў (стол., ЛА, 4). Фанетычна змешанае сугроб (гл.), параўн. укр. дыял. сугро́б ’сувой палатна’, магчыма, пад уплывам грубы ’тоўсты’.

Сугрэ́ў ’цяпло’ (Сцяшк. Сл.), су́грэў ’саграванне’ (Ласт.). Параўн. рус. разм. сугре́в ’тс’. Да су- і грэць.

Сугу́к ’зычны гук’ (Станк.). Як лінгвістычны тэрмін калька т. зв. культурных еўрапейскіх тэрмінаў, параўн. чэш. souhlaska, макед. согласка і пад., у аснове якіх лац. consonāns ’тс’ (Сной₂, 680); варыянт зычны або сугалосны гук (зык) ’тс’ (Некр. і Байк.) калькуе рус. согла́сный звук, у сцягненай форме параўн. славен. soglasnik, серб.-харв. сугласник ’тс’ (ESSJ SG, 1, 240). Да су- і гук, да семантыкі параўн. сугу́чны ’калі гук да гуку пасуе’ (Варл.), г. зн. ’які вымаўляецца разам з галосным’.