Сугло́б ’сустаў, патаўшчэнне на суставах’ (усх.-палес., Б. Сачанка), ’гарбаты чалавек’ (Бяльк.), сугло́біна ’высокі сагнуты чалавек’ (Бяльк.), сугло́п, сугло́біна ’высокі, няўклюдны падлетак’ (кіраў., Нар. сл.), сугло́бісты ’сутулы’ (Ян.), сугло́бы ’пануры’ (Ласт.), сугло́біцца ’згорбіцца, скрывіцца’ (Варл.). Параўн. укр. сугло́б ’згіб, сустаў’, рус. смал. сугло́бый, сугло́ба ’хмурны чалавек, нелюдзень’; сюды ж польск. zgłoba ’перашкода, запор; клопат, турботы’, серб.-харв. зглоб ’тс’, славен. zglób ’тс’, балг. сглоб ’стык, злучэнне; сустаў’, макед. зглоб ’згіб; сустаў’. Прасл. *sǫglobъ/*sъglobъ — аддзеяслоўны дэрыват ад *sъ‑globiti ’злучыць’, параўн. укр. згло́бити ’злучыць клінам’, балг. сглобя́вам ’злучаць, складваць, прыводзіць у парадак’, прэфіксальнага дэрывата ад прасл. *globiti < прасл. *globa ’кол, шост, жэрдка’ (Борысь, Prefiks., 118–119; Фасмер, 3, 793). Развіццё значэнняў ’злучэнне, патаўшчэнне’, ’сагнуты, нахілены, гарбаты’ > ’той, хто глядзіць спадылба’. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 466; ЭССЯ, 6, 131–134. Параўн. аглобля (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)