Га́ра ’гарэлка’ (Шат., Сцяшк. МГ). Няма ў іншых усх.-слав. мовах. Польск. дыял. hara ’тс’ запазычана з бел. мовы (гл. Карловіч, II, 168). Можна меркаваць, што га́ра — гэта жаргоннае ўтварэнне ад гарэ́лка ’тс’. Параўн. і польск. gocha, gochna < gorzałka (аб польск. словах гл. Брукнер, 151: пад gorzeć). Трэба дадаць, што ў Шат. га́ра кваліфікуецца як пагардлівая назва.
Гара́ ’гара’. Параўн. рус. гора́, укр. гора́, польск. góra, чэш. hora, балг. гора́ ’лес’, серб.-харв. го̀ра, ст.-слав. гора і г. д. Прасл. *gora ’гара; лес’. Лічыцца роднасным з прус. garian ’дрэва’, літ. girià ’тс’, ст.-інд. giríṣ ’гара’, авест. gairi‑ і г. д. Гл. Фасмер, 1, 438; раней Бернекер, 1, 329; Траўтман, 78. Падрабязны агляд слав. слоў, іх семантыкі, геаграфіі гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 29–31 (там і новыя меркаванні адносна першапачатковай семантыкі і.-е. лексемы). Агляд семантыкі слова гара́ як геаграфічнай назвы (назвы рэльефа) гл. у Яшкіна, 46. Звычайнымі з’яўляюцца ў слове *gora новыя значэнні ’верхняя частка хаты’, ’верх і да т. п.’ (зафіксавана ў бел. мове; гл. Нас., Шат., Касп., Бяльк., Сцяшк. МГ), таксама і ў іншых усх.-слав. мовах (рус., укр.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)