Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Абру́д ’ніжняя частка драўлянага посуду (цэбра)’ (Шат.). Відаць, да *ob‑rǫdъ (Трубачоў, Слав. языкозн., V, 176), прасл. ręditi ’правіць, кіраваць, распараджацца, раіць, упарадкоўваць і г. д.’ (ст.-бел. обрѧжоный зроблены, упарадкаваны’). Ад абстрактных значэнняў гэтага дзеяслова немагчыма перайсці да значэння абруд. Аднак у беларускай мове існуе назва цэбра, утвораная ад кораня rędражка (гл.). Апрача гэтага, адзначана рад ’пласт у кубельчыку’ (Янк. II). Тады *rędja (> *ража, ражка), ’драўляны сасуд з радамі, ’кубел, цэбар’, а *obrǫdъ ’яго апошні перад дном рад’.

Абруза́ць1 ’пухнуць, азызнуць’ (Нас.), абрузлы (Нас.), абрузглы (Касп.), абрюзлы (Бяльк.). Параўн. рус. (о)брюзглый, брюзнуть і брюхнуть. Магчыма, звязана з бруха (z/x як чахнуць/чэзнуць, пах/паз і г. д.). Гл. Мартынаў, Слав. акком., 167. Аб праславянскім характары слова бруха меркаваць цяжка. Наколькі вядома, слова выключна паўночнаславянскае. Гэты факт стварае дадатковыя цяжкасці, паколькі альтэрнацыі тыпу чахнуць/чэзнуць ахопліваюць праславянскую мову.

Абруза́ць2 ’спаць’, абрузанне (Юрч.), відаць, ад абрузаць1 (гл.). Параўн. рус. жарг. припухать у значэнні ’спаць’.

Абру́с ’кусок спецыяльна вытканай тканіны, якой засцілаюць стол’, абрусны ’ручнік на іконах’, укр. обрус, рус. обрус, чэш. obrus, славац. obrus, польск. obrus ’абрус’, балг. обрус ’уціральнік’, славен. obrus ’абрус’; o‑brusъ: brъsnǫti: ц.-слав. бръснѧти, славен. (o)brisati, серб.-харв. бри̏сати, ’уціраць’ (Фасмер, 3, 108). Меркаванне аб польскім паходжанні бел. абрус (Мядзв.) беспадстаўнае.

Абру́ч ’абруч, кольца’ (БРС, Нас., Касп.), абручык (Нас.), абручык ’кольца, якім замацоўваецца каса на касільне’ да obrǫčь < rǫka, гл. укр. обруч, ст.-рус. обручь, рус. ц.-слав. обрѧчь, чэш. abruč, польск. obręcz, славен. obrôć, серб.-харв. о̏бруч, балг. обръч ’абруч’. Параўн. літ. apýranke ’бранзалет’, ìrankis ’наручнік’, Траўтман, 237. Магчыма, яшчэ балта-славянская інавацыя.

Абры́вак ’хабар, магарыч’ (КЭС) да рваць.

Абры́да, абрыдзіць, гл. брыдота, брыдкі. Цікавым з’яўляецца арэал пашырэння гэтага слова. Параўн. укр. обридний, обрида, польск. obrzydzić, obrzydliwy, obrzydny, усх.-чэш. obřidlivý. У той жа час зыходнае слова мае агульнаславянскі і праславянскі характар. Эпіцэнтр распаўсюджання гэтай групы лексем выявіць цяжка.

Абры́дзень ’густая сетка для лоўлі рыбы’ (Касп.) < *брэдзень (параўн. рус. бредень, брести). Галосны кораня дысімілізаваўся, пачатковае а‑ мае пратэтычны характар.

Абрызло́е (малако) ’малако, якое без пары загусла’, абрызнуць ’загусцець (аб свежым, салодкім малацэ)’ (КЭС), абрызклы ’пра напаўкіслае малако’ (Некр.). Укр. брезкле молоко ’малако, якое толькі пачало кіснуць’ (Лысенка Жыт.), збресклий (аб малацэ, якое пачынае кіснуць), ст.-рус. обрьзгнути ’пракіснуць’, польск. obrzyzgnąć, чэш. zabřesknouti ’тс’. Звычайна ў якасці індаеўрапейскіх паралеляў прыводзяцца ізаляваныя нарв. brisk ’горкі смак’, brisken ’горкі’, якія нібы да і.-е. *bhrēi ’рэзаць’ (Покарны, 172).

Абрыко́с (БРС). Запазычанне XX ст. праз рускую мову з гал. abrikoos, гл. Фасмер, 1, 57; Шанскі, 1, А, 18.

Абры́нданы ’абляпаны, запэцканы’ (БРС, Сцяц., КТС), абрындывацца ’абрывацца махрамі (аб спадніцы)’ (Шат.). Магчыма, запазычанне з літ. мовы. Параўн. літ. brendù, brìsti ’ісці ўброд праз балота, гразь’.