Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Або́з ’гуж павозак’ (БРС, Бяльк., КТС), укр. обіз, рус. обоз, чэш. oboz, польск. obóz да ob‑vozъ, гл. вязці. Арэальна абмежаванае слова, якое можна разглядаць або як запазычанне з адной славянскай мовы ў другую (у чэшскай і польскай з усходнеславянскіх) Махэк₂, 406, і немагчыма гаварыць аб яго праславянскім характары або запазычанні ці кальцы з неславянскіх моў.

Або́і. Гл. абое.

Або́йма ’аб’ём, ахват’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., КТС), рус. обойма ’тс’, укр. обійми ’абдыманні’ да ob‑jęti, ob(о)‑imǫ. Гл. мець.

Або́ра1 ’тонкая вяровачка, у тым ліку і тая, якой падвязваюцца лапці’ (Нас., Бяльк., Касп., Шат.), оборона ’вяроўка, якой падвязваюць лапці’ (Мядзв.). Рус. обора, укр. обора ’тс’ < *ob‑vora. Бліжэйшыя паралелі: літ. apývara, apvarė̃ ў тым жа значэнні, якое ад vérti ’звязваць’, хаця літоўскі дзеяслоў мае славянскі адпаведнік vьrěti рус. вереть ’зачыніць’ і інш. Поўнае марфолага-семантычнае супадзенне ўсходнеславянскіх форм з літоўскімі і абмежаваны арэал першых дазваляюць думаць аб іх (балтыйскім паходжанні. Параўн., аднак, Траўтман, 351. Арэал аборы амаль поўнасцю супадае з арэалам лапцей (гл. Малчанава, Мат. культ., 178).

Або́ра2 ’месца на двары, абгароджанае жэрдкамі, дзе летам начуе жывёла; хлеў, вялікі будынак для кароў’, рус. обора ’агароджа’, польск. obora, балг. обор, макед. обор ’абора’, серб.-харв. обо̑ра, славен. obor ’агароджа (для жывёлы)’ да ob‑vora (ob‑vьrǫ). Суадносіцца з папярэднім, але агульна- і праславянскае, што дае падставу меркаваць аб адсутнасці паміж імі непасрэднай генетычнай сувязі.

Або́рак ’абворанае кругом месца; невялікі лужок на полі, наўкол якога ралля’ (Нас., Бяльк., Юрч., Гарэц., Касп., Прышч. дыс.), аборачак, абурочак ’астравок у полі, дзе растуць дрэвы’ (КСТ) < аб‑араць. Досыць нерэгулярнай здаецца акцэнтуацыйна-словаўтваральная мадэль, нехарактэрная для ўсходнеславянскіх моў. Можна меркаваць, што слова было запазычана з польскай мовы, аднак адпаведнае слова-крыніца не выяўлена.

Або́рт (БРС). Запазычанне праз рускую мову ў XX ст. (Крукоўскі, Уплыў, 88), дзе ў другой палавіне XIX ст. з лац. abortus. Гл. Шанскі, 1, А, 17.

Абпяну́цца ’акрыцца’, абпянуць (Янк. Мат.). Гл. абапнуцца.

Абраві́та ’абавязкова, няўхільна’ (Бяльк.), ’прама’ (Раст.). Трубачоў лічыць няясным (Слав. языкозн., V, 176). Да абравітар. Параўн. бел. беластоц. obrewiter не вагаючыся, без цырымоніі’ < лац. breviter ’коратка’ (Зданцэвіч, Тэксты, 38). Гл. Мартынаў, БЛ, 1972, 2, 74.

Абра́за (Нас., Бяльк., Яруш., КЭС), укр. образа, польск. obraza < ob‑raza да raziti. Параўн. уразіць, уражліва і г. д. Магчыма, арэальная інавацыя. Не выключана таксама беларускае і ўкраінскае запазычанне з польскай мовы, дзе захавалася першаснае канкрэтнае значэнне (obrażać ’абражаць’ і ’пашкоджваць’). Параўн., аднак, ст.-бел. образити ’паражаць, удараць’ і ’абражаць’ (Нас. Гіст.).

Абрака́цца ’абяцаць выканаць якую-небудзь справу ў імя бога, даваць абет’ (Шат., Сцяшк., Касп., Арх. ГУ, КЭС), абрачыся ’ахвяравацца’ (КЭС) да ob‑rekati sę. Не зусім зразумела словаўтваральная мадэль і, у прыватнасці, зваротны характар дзеяслова, якія супярэчаць семантыцы. Арэал пашырэння слова сведчыць, магчыма, аб тым, што гэта калька. Верагодным словам-крыніцай з’яўляецца літ. apžadė́s ’урачыста абяцаць’ пры žadė́ti ’гаварыць адзін аднаму’ (= rekati sę).