Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сулі́ць ’прапаноўваць, даваць, абяцаць’ (Нас., Гарэц., Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Сержп., Тур., ЛА, 3, Сл. ПЗБ, Шатал., ТС; бых., ЖНС; мсцісл., З нар. сл.; чавус., Нар. сл.), ’жадаць’ (Ян.), сюлі́ць ’прапаноўваць, даваць’ (астрав., паст., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. сули́ти, рус. сули́тъ, польск. дыял. sulić ’тс’. Відавочна, звязана са стараж.-рус. сулѣи ’лепшы’, ц.-слав. соулии, ст.-слав. соулѣи ’тс’, супастаўляльнымі з літ. šulnas ’выключны, цудоўны’, ст.-інд. śurah ’моцны, смелы’, грэч. χῦρος ’сіла, моц’ (Фасмер, 3, 801; ЕСУМ, 5, 472). Форма з пачатковым сю‑ (śu‑), відаць, пад уплывам літ. siū́liti ’прапаноўваць’, якое, у сваю чаргу, лічыцца запазычаннем з беларускай, гл. Смачынскі, 552. Гл. таксама пасуліць.

Сулонне (sułonie) ’калені’ (барыс., Кольб.), суло́нь ’пазуха’ (Некр. і Байк.). Ад су- і лано2, гл.

Суло́таць ’мачыць слюной, лізаць’ (паст., Сл. ПЗБ), суло́ціць ’шмальцаваць’ (мёрск., Нар. сл.). Аўтары Сл. ПЗБ (там жа) параўноўваюць з літ. sulótis ’сачыцца’; параўн. таксама sulóti, sulúoti ’спускаць сок з бярозы’, вытворных ад sulà ’сок у дрэве, мязга’ (Смачынскі, 614), гл. сула1.

Султа́н ’манарх у некаторых мусульманскіх краінах’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ст.-бел. султанъ (салтанъ, зоптанъ, сзолданъ, солтанъ, солданъ) ’султан’ (XV ст.), якое са ст.-рус. султанъ, салтанъ (XV ст.) (Булыка, Лекс. запазыч., 27), укр., рус. султа́н ’тс’. Магчыма, праз візант.-грэч. σολδάνος ’тс’ (ЕСУМ, 5, 472). З араб.-тур. sulṭân ’тс’ (Фасмер, 3, 801).

Су́луйка ’сувалка, паблытаныя плоскуні ў каноплях’ (Бяльк.). Няясна, магчыма, у выніку замены в > л, параўн. рус. дыял. суло́й ’сувой’ (ад ліць, гл. Фасмер, 3, 801), параўн. сувой (гл.).

Сулупо́н ’гаварун’ (Мат. Маг.), сулупну́ць ’сказаць недарэчнасць’ (карм., Мат. Гом.). Да салупаць (гл.) з семантычным развіццём ’высоўваць язык’ — ’гаварыць, балбатаць’.

Суля́к ’нейкая пасудзіна’: “складаючы ім у сулякі масла, сыры, гародніну сваю на доўгую зіму” (М. Вайцяшонак, ЛіМ, 1996, 8 лістап.). Параўн. польск. дыял. sulak ’гаршчок’, sulnica ’біклага, бочачка’, славен. sülj ’ражка’; апошняе Скок (3, 360) выводзіць з лац. solium ’карыта, жолаб, чан’. Параўн. суляя, гл.

Суля́ць ’соваць, соўгаць’, сулену́цъ ’сунуць’ (ТС), укр. дыял. суля́ти ’моцна штурхаць’, рус. дыял. суля́ть ’соваць, штурхаць, соўгаць’, суля́ться ’штурхацца’, польск. sulać ’мяць, мясіць, сціскаць’, серб.-харв. су́љати ’бухаць, шугаць (пра полымя, дым)’, ’корпаць (кіём)’. Патабня (РФВ, 7, 66) набліжаў да сунуць, соваць (гл.) з не зусім ясным па паходжанні ‑л‑. Відавочна, звязана з сула, вуліца, гл. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 473. Варбат (Этим. иссл., 1981, 88) мяркуе пра запазычанне рускага дзеяслова з польскай мовы, дзе дзеяслоў выводзіцца ад sulka ’шарык з цеста’ (< с.-н.-ням. schulle, сучаснае scholle ’камяк, глыба’), што няпэўна.

Суляя́ ’бутля’ (Гарэц.), сулі́я ’вялікая бутэлька’ (Бяльк.), суле́я, суле́йка ’лейка’ (Ласт.), суле́йка ’бутэлька, паўштоф, плоская бутля’ (віц., Шн.; Нік., Оч.). Параўн. укр. сулія́, рус. сулея́ ’тс’. Этымалагізавалася на аснове прасл. *liti (гл. ліць) як *sǫlěja (Фасмер, 3, 800; Трубачоў, Ремесл. терм., 258), чым, відаць, тлумачыцца і форма суле́я (аўтарскі наватвор Ластоўскага?). Параўноўваюць таксама са ст.-польск. sulnica ’бутэлька, пляшка’, польск. дыял. sulak ’гаршчок’, sulnik ’прымітыўная пасудзіна (звычайна з дрэва)’, славен. дыял. sȗlj ’ражка’, ’драўляная пасудзіна (для салёнага мяса, тварагу)’, якія Сной (гл. Бязлай, 3, 341) разам з чэш. дыял. šulek ’скрынка, каробка’ параўноўвае з літ. šùlė ’пасудзіна’, першапачаткова, відаць, зробленая з дрэва, што дае падставы звязаць гэтыя словы з шула (гл.). Няпэўна, параўн. суляк, гл.

Сум ’пачуццё смутку, жалю, душэўнай горычы’, ’пакутлівая маркота, туга’ (ТСБМ, Ласт.), ’сумненне’ (Нас.), ’сумненне; смутак’ (Байк. і Некр.), сум‑туга́ ’маркота, роспач’ (Барад.), су́мна ’сумна’, ’прыкра, смутна, маркотна’ (ТСБМ, Шат., ТС, Бяльк., Арх. Федар., Касп., Сержп., Мат. Гом.), ’няпэўна’ (Нас., Мат. Гом., Гарэц.), ’страшна, страшнавата’ (Нас., Некр., Растарг.), су́мно ’тс’ (ТС), су́мны ’маркотны’ (ТСБМ), ’адзінокі’ (Ян.), сумо́сны ’смутны, маркотны’ (Мат. Гом.), сумо́тна ’маркотна’ (Сцяшк. Сл.), сумо́та ’маркота, тута, журба’ (ТСБМ), сумата́, сумаце́нне ’здзіўляльнасць’ (Шат.). Укр. сум ’смутак, журба’, сума́ ’тс’ (Шымк. Сл.), су́мно ’смутна, маркотна’, рус. зах., паўдн. су́мно ’сумніцельна, страшна’ (Пятк. 2, 295), польск. sum, sumny ’тс’ (< усх.-слав., гл. Брукнер, 526; параўн. заўвагу Пяткевіча: “jest to słowo rosyjskie”), славен. sȗm, sȗmnja ’падазрэнне’, серб.-харв. су́мња ’сумненне; падазрэнне’. Праславянскі дыялектызм *sumъ (Гутшміт, Бел.- укр. ізал., 29). Зыходзяць з прасл. *sǫmьnъ (*sǫmьňa) > *sumьnъ, дэвербатыва ад прасл. *sъ‑mьněti (гл. сумненне), які ў Р. скл. даў *sumьna; пасля падзення рэдукаваных і асіміляцыі насавых форма (у выніку перараскладання) *sum‑ генералізавалася (Міклашыч, 188; Бязлай, Eseji, 136; Бязлай, 3, 341; Варбат, Этимология–1988–1990, 196). Дурыданаў (Зб. памяці Стойкава, 580–581) звязвае з балг. дыял. су́муя ’згадваць, прыпамінаць’ і выводзіць з *sъ‑umiti, параўн. сумець (гл.) і дыял. сумую ’раздумваю’, су́мны ’разумны (з папрокам)’ (Арх. Федар.). Трубачоў (Труды, 1, 284) параўноўвае з серб.-харв. су̏моран ’пануры, хмуры, змрочны’ і лічыць, што слова не мае этымалогіі. Гл. яшчэ Супрун, Бел.-укр. ізал., 67; Сной₁, 619; Борысь, 586–587; ЕСУМ, 5; Жураўлёў, Язык и миф, 69 (агляд версій).