Су́ма1 ’вынік складання; агульная колькасць, сукупнасць’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), су́ма, сумацыя ’вынік’ (Ласт.), су́ма́ ’пэўная колькасць грошай’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. су́мма, су́ма ’агульная колькасць’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 153). Запазычанне непасрэдна з лацінскай (Жураўскі, Крамко, Зб. Крапіве, 142). Выказваюцца таксама меркаванні пра запазычанне праз польск. suma ’тс’ з лац. summa ’вышэйшая, агульная лічба’ < summus ’вышэйшы’ (гл. Кюнэ, Poln., 100 з літ-рай); ці запазычанне ў канцы XV ст. са ст.-польск. suma, summa (XV ст.), гл. Булыка, Лекс. запазыч., 80.

Су́ма2 ’пажыткі, маёмасць’ (Клім.). Магчыма, да сума1, параўн. су́ма ’грошы’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.). Крытычна пра спробы звязаць з сум (гл.) і рэканструкцыю *sǫdma (Ліўканен, Отглаг. сущ., 194) Варбат (Этимология–1988–1990, 196), якая дапускае запазычанне праз польскую з ням. Saum ’ношка, паклажа’. Параўн., аднак, балг. су́ма ’многа, маса’, якое лічыцца яшчэ прабалгарскім (Младэнаў, Диалектология, балканистика, этнолингвистика. София, 2008, 199). Гл. су́мна ’мноства’.

Су́ма3. Гл. сумка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)