Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

па́гарак

1. Месца, вялікая прастора, дзе выгараў лес або балота (Слаўг.). Тое ж пага́р'е (Сен. Касп.), пага́рка (Беш. Касп.), пагарэлаўка (Слаўг.).

□ ур. Пагарэлаўка (луг) каля в. Улукі Слаўг.

пагарэ́лішча Месца, дзе быў пажар (Гродз., Нясв., Слаўг., Шчуч.). Тое ж пагарэлле (Зах. Бел. Др.-Падб.), пагары́лле, пагары́лішча (Палессе Талст.).

пагарэ́ц Дрыгва, нізкае, гразкае месца (Усх. Палессе Талст.).

пагля́д Адкрытае месца; добрая бачнасць; далягляд, гарызонт (Слаўг.).

пагно́й

1. Урадлівая, угноеная зямля (Зах. Бел. Др.-Падб., Слаўг.). Тое ж пагнойкі (Нас.), пагноі (Нас., Слаўг.), пагноінне (Гар., Слаўг.), пагноішча (Нас., Рэч., Слаўг.).

2. Месца, дзе ляжаў бурт гною; памыйная яма (Слаўг.). Тое ж пагноішча (Слаўг., Смален. Дабр., Хоц., Чэр.).

паго́н

1. Месца прагону жывёлы на пашу (Глуск. Янк. I, Сал., Слаўг.).

2. Абгароджанае або неабгароджанае месца для адпачынку жывёлы ў полі або ў лесе (Жалуд., Маст.).

3. Штабель дроў ці будаўнічых матэрыялаў у лесе (Слаўг.).

4. След, сцежка, пратаптаная жывёлай у лесе, на лузе, на полі (Рэч., Слаўг., Ст.-дар.).

паго́ня

1. Вузкая лагчына, месца сцёку веснавой ці дажджавой вады (Палессе Талст.).

2. Месца прагону жывёлы на пашу (Слаўг.).

□ ур. Пагоня (месца, якое заліваецца вадой) каля в. Кароцічы Стол.

паго́рак Невысокае ўзвышша, палогі ўзрогак (БРС). Тое ж пагорка (Слаўг.).

паго́ст

1. Сяло, у якім ёсць царква (Смален. Дабр.).

2. Могілкі (без царквы); могільнік каля царквы; цвінтар (Смален. Дабр., Стол.). Тое ж пагосце (Нас. АУ).

□ в. Пагост Брэсц., Віц. (Лемц. Айк.).

паграбі́шча Месца, дзе быў пограб (Жытк., Рэч., Слаўг.).

□ ур. Паграбішча (луг) каля в. Заспа Рэч.