Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

я́вар

1. Зараснік аеру Acorus (Слаўг.). Тое ж я́рай (Рэч.), я́варышча (Слаўг.).

2. Вярба (Нас., Нясв. Юшк.).

3. Плата́н Acer pseudo-platanus; платанавы прысады, зараснік (БРС).

□ с. Явар Дзятл.

я́гаднік Зараснік чарнічніку Vaccinium myrtillus L. (Слаўг.). Тое ж ягоднік (Жытк., Слаўг., Стол.).

я́гадніца Месца, дзе многа ягадніку і ягад (Слаўг.).

□ ур. Я́гадніца каля в. Доўгі Мох Чав.

я́груснік Кусты агрэсту (Слаўг.).

ядло́вец Драбнарослы кустоўнік Juniperus communis L. сям'і кі́парысавых (БРС). Тое ж ядле́нец (Сен. Касп.), яля́жнік (Смарг.), яле́нец (Слаўг., Чашн. Касп.), ялаве́ц (Слуцк. Мал. 194).

яз

1. Месца ў рацэ, якое перагароджана частаколам або пераплотам упоперак, каб не даць рыбе ходу ўверх; сам пераплот (Нас., Слаўг.). Тое ж язовішча (Віц.), язоўе, язы́ (Гарад. Касп.), я́зік, язок (Мін.).

2. Іскра, агеньчык, святло ў цемры (Мін.). Тое ж ст.-бел. я́сачка, ясва, я́ска. Параўн.: «Ні я́за не віда́ць (Мін. 1966)» — «Не видно ни зги» (руск.).

□ ур. Яскі (балота, мачулішча) Віц. (Рам. Мат.), в. Я́скавічы Староб.

я́заўка Сенажаць каля яза (Рэч.).

□ ур. Я́заўка (луг) каля в. Заспа Рэч., в. Я́заўка Чэрв.

я́звіна

1. Нара, ход у звярынае падземнае жыллё (Стаўбц. Прышч.).

2. Не зусім зарослае старарэчышча; багністая гнілая жыліна; вокнішча на незамярзаючым балоце (Палессе Серб. 1915, 6, Слаўг., Стаўбц. Прышч.).

□ ур. Я́звіна (1872 Язвін) або Шаламоўшчына каля в. Крамянка Слаўг., в. Язвіна Люб., в. Я́звіны Дзярж., Кап.

язда́ Месца, дзе ўброд пераязджаюць раку (Стол.).

я́лавіна

1. Аблога; запушчанае поле; неўрадлівая зямля, якая многа год не апрацоўваецца (БРС). Тое ж ялавіна, я́лавінне, я́лая зямля́, я́лава (Слаўг.).

2. Зямля, якую не аралі адзін год; папар (Кап.).