Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

фа́брык Месца, дзе было прадпрыемства для вытворчасці гудрону (пікаварня); фабрычны раён (Слаўг.).

□ Фабрык — вуліца ў г. Слаўгарадзе.

фальва́рак Невялікі маёнтак, хутар (БРС); асобная частка вёскі, панскі двор у вёсцы, жыллё арандатара, ферма (Гарб.). Тое ж фаліва́рак, фоліварак, хваліва́рак, холіварак, больвар, хольварк, хольварак (Слаўг.), фальба́рак (Нясв.), фольварак (Грыг. 1838—1840, Мсцісл., Слаўг.), хвальва́рак, хвольварак (Сен. Касп.).

□ пас. Фальва́рак Люб. (Лемц. Дыс., 209), ур. Фальва́рк (поле) каля в. Целяшы Слаўг., ур. Больвар (поле) каля в. Улукі Слаўг.

фашы́на Насціл; дарога, насланая з бярвення, галля і зямлі на балоце (Сал.).

ферма Месца каля фермы або дзе стаяла ферма (Слаўг.). Тое ж хі́рма, хві́рма (Слаўг.).

□ ур. Херма (месца каля калгаснай фермы) каля в. Пасека Ст.-дар., вв. Херма і Новая Херма Краснап.

фо́льварычча Месца, дзе быў фальварак (Слаўг.). Тое ж хольварычча, хольвар'е, халіва́рня (Слаўг.).

фо́люш Сукнавальня (Берасцейскае ваяводства 1579 АВАК, XIV, 104, Нас. АУ).

□ Фолюш — занёманскі раён г. Гродна.

фундуш Ворная зямля, ралля (Гарб.).