Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

падко́кацце Поле каля вялікай разгалістай сасны (Краснап.).

□ ур. Падкокацце (поле) каля в. Калінаўка Краснап.

падко́рмак Участак сушы паўкруглай формы (Слаўг.).

□ ур. Падкормак каля в. Бязуевічы Слаўг.

падко́ссе Месца каля пясчанай касы (Слаўг.).

□ в. Падкоссе Ігум.

падкру́чча Месца каля рачных кручаў (Карм., Слаўг.). Тое ж падкручышча, падкручнішча (Слаўг.).

□ ур. Падкручча каля в. Валынцы Карм.

падле́сак

1. Малады гадавалы лес (Слаўг.). Тое ж паду́ле́сак (Слаўг.).

2. Нізкае маладое драбналессе ў старым лесе (БРС). Тое ж падса́да (Слаўг.), падрост, подраст, паду́раст (Слаўг.).

падле́сне Зямля, на якой расце лес (Сал.).

падле́ссе Поле (луг) каля лесу (Слаўг., Смален. Дабр.). Тое ж поўзлессе, подлессе, падлясе́ўе (Слаўг.), падле́сце (Смален. Дабр., IV, 627), падлясе́йкі (Нясв.).

□ в. Падле́ссе і в. Падлясе́йкі Нясв.

падло́га Роўны лог, які прылягае да рэчкі або балоцістага спуску (Віц. Нік. 1895); падэшва ўзвышша (Слаўг.).

падлу́жжа Прастора, якая прылягае да заліўнога лугу ўздоўж ракі (Слаўг.).

□ в. Падлужжа Мсцісл., ур. Падлужжа (поле, луг) каля в. Папараткі Слаўг., в. Падлужжа Глуск., ур. Падлужжа Мсцісл. (1651 МЕВ, 21 мая 1896, № 15, ч. неаф., 271).

падме́жжа Месца каля мяжы (Слаўг.). Тое ж падме́жышча, падмяжэўе (Слаўг.).