Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падгра́ддзе Месца на лузе, якое прылягае да грады (Палессе Талст.).

падгру́дак Падэшва грудка (Маладз.).

падгу́мні́шча Месца каля гумна або дзе стаяла гумно (Слаўг.). Тое ж падгу́ме́нне, падгу́мні́чча (Слаўг.).

падгу́сце Месца каля вусця ракі (Жытк.).

ур. Нападгу́сце (сенажаць) каля в. Беражцы Жытк.

паддубро́ва Месца ўздоўж лесу (Нясв.).

ур. Паддуброва (лес, кусты, поле каля лесу) недалёка ад в. Юшкі Шчуч.

падду́б'е Месца каля дуба або пад дубам (Слаўг.). Тое ж падду́ббе, падду́бенне, падду́бічча, падду́бні́чча, паддубкі́, паддубе́нства, паддубы́ (Слаўг.).

ур. Паддубы́ (поле), Паддубкі́ (поле, сенажаць), Падду́б'е (балота) каля в. Кулікоўка Слаўг., Падду́бічча (поле) каля в. Папоўка Слаўг.

падду́лле Месца пад каронай садовай грушы Pirus communis L. (Слаўг.).

падзамёцішча Месца каля агароджы з бярвенняў або дзе стаяў замёт (Ветк., Слаўг.). Тое ж пудзумёцічча, падзамёцічча (Слаўг.).

падзе́ла Сенажаць, якая раздзяляецца на невялікія ўчасткі кожны год паміж членамі пэўнага калектыву (Слаўг.). Тое ж падзе́лы (Слаўг.).

ур. Падзе́ла (сенажаць) і ўр. Падзе́лы (лясніцкая сенажаць) каля в. Люба́ны Слаўг.

падзе́м'е Падзямелле; сярэдневяковая пячора; кратовы хады; падземныя сцёкі вады (Слаўг.). Тое ж падзе́ммя, падзе́мілля (Слаўг.).