ВО́ЙКАВА,
вёска ў Уздзенскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр Камянкоўскага с/с і саўгаса. За 17 км на Пд ад г.п. Узда, 94 км ад Мінска, 39 км ад чыг. ст. Негарэлае, на аўтадарозе Узда—Капыль. 58 ж., 26 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
т. 4, с. 256
ВО́ЙКАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
другая назва Плешчаніцкага вадасховішча.
т. 4, с. 256
ВО́ЙНАВІЧ
(Vojnovič) Іва (9.10.1857, г. Дуброўнік, Харватыя — 30.8.1929),
харвацкі пісьменнік. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў югаславянскай драматургіі канца 19 — пач. 20 ст. Скончыў юрыд. ф-т Заграбскага ун-та (1880). У 1907—11 літ. кіраўнік Харвацкага нац. т-ра (Заграб). Друкаваўся з 1880. Аўтар зб-каў навел («Пяром і алоўкам», 1884), вершаў і эсэ («Акорды», 1917), аповесці «Ксанта» (1886). У драмах «Эквіноцый» («Калі дзень роўны ночы», 1895), «Дуброўніцкая трылогія» (1902), «Маскарад на паддашшы» (1922) адлюстраваў працэс адмірання традыцый горада-рэспублікі Дуброўнік і выраджэння арыстакратыі. Ідэі яднання сербаў, харватаў і славенцаў адбіліся ў драмах «Смерць маткі Югавічаў» (1907), «Уваскрэсенне Лазара» (1913). Разнастайная тэматыка, сінтэз рэалізму і мадэрнізму, арыгінальныя пошукі ўласцівыя п’есам «Psyche» (1889), «Пані са сланечнікам» (1912), «Imperatrix» (1919).
Тв.:
Сабрана дела. Кн. 1—3. Београд, 1939—41.
І.А.Чарота.
т. 4, с. 256
ВО́ЙНА-ЯСЯНЕ́ЦКІ Валянцін Феліксавіч
(у манастве Лука; 27.4.1877, г. Керч, Крым — 11.6.1961),
вучоны-медык, рэліг. дзеяч. З бел. шляхецкага роду Войнаў-Ясянецкіх. Д-р медыцыны (1916). Скончыў Кіеўскі ун-т (1903). Працаваў хірургам, земскім урачом у Чыце, Сімбірскай, Курскай і Саратаўскай губ. У 1917—30 гал. ўрач і хірург Ташкенцкай гар. бальніцы, адзін з арганізатараў Ташкенцкага ун-та. У 1923 прыняў манаства, за рэліг. дзейнасць тройчы цярпеў рэпрэсіі. У Вял. Айч. вайну хірург-кансультант эвакашпіталяў. Епіскап туркестанскі, архіепіскап краснаярскі, тамбоўскі і мічурынскі (1944), сімферопальскі і крымскі (1946). Да 1954 працягваў займацца медыцынай. Аўтар больш як 40 навук. прац. За распрацоўку пытанняў гнойнай хірургіі Дзярж. прэмія СССР 1946.
Тв.:
Поздние резекции при инфицированных огнестрельных ранениях суставов. М., 1944;
Очерки гнойной хирургии. 3 изд. Л., 1956.
Літ: Поповский М. Жизнь и житие Войно-Ясенецкого, архиепископа и хирурга: [Док. повесть] // Октябрь. 1990. № 2—4.
Ф.А.Ігнатовіч.
т. 4, с. 256
ВО́ЙНЕВІЧЫ,
вёска ў Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 34 км на Пд ад г. Дзятлава, 199 км ад Гродна, 25 км ад чыг. ст. Слонім. 226 ж., 87 двароў (1996). Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Троіцкая царква (1897).
т. 4, с. 256
ВО́ЙНІЧ Міхаіл Леанардавіч
(падп. псеўд. Кяльчэўскі Іван Міхайлавіч, Вільфрэд і інш.; 31.10.1865, г. Цяльшай, Літва — 17.3.1930),
дзеяч народніцкага і польскага сацыяліст. руху. Муж Э.Л.Войніч. Вучыўся ў Шаўляйскай і Сувалкаўскай гімназіях, Віленскім рэальным вучылішчы. Вёў рэв. работу ў Расіі, Польшчы, на Беларусі і Украіне. Разам з гродзенскімі нарадавольцамі і дзеячамі польскай рабочай партыі «Пралетарыят» удзельнічаў у падрыхтоўцы плана ўцёку паліт. зняволеных з варшаўскай цытадэлі. У 1885 арыштаваны, высланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір. З 1890 у Англіі. Удзельнічаў у выданні час. «Free Russia» («Свабодная Расія»), адзін з заснавальнікаў у 1891 Фонду вольнай рускай прэсы. Перапісваўся з Г.В.Пляханавым, В.І.Засуліч, П.Л.Лаўровым. У 1894 разам з жонкай стварыў «Саюз кніганош» з мэтай дастаўкі рэв. л-ры ў Рас. імперыю. У канцы 1890-х г. адышоў ад паліт. дзейнасці. З 1920 у ЗША.
В.М.Чарапіца.
т. 4, с. 256
ВО́ЙНІЧ
(Voynich) Этэль Ліліян (11.5.1864, г. Корк, Ірландыя — 28.7.1960),
англійская пісьменніца. Жонка М.Л.Войніча. Скончыла кансерваторыю ў Берліне. У 1887—89 жыла ў Расіі, з 1920 у Нью-Йорку. Блізкая да расійскіх і міжнародных рэв. колаў. Пачынала як перакладчыца твораў рус. пісьменнікаў. У трылогіі «Авадзень» (1897, бел. пер. 1934), «Перарваная дружба» (1910), «Здымі абутак свой» (1945), раманах «Джэк Рэйманд» (1901), «Алівія Лэтам» (1904) рэалістычныя тэндэнцыі спалучаюцца з неарамантычнымі. З Войніч сустракаліся бел. журналісты, пісьменнікі П.Глебка, І.Новікаў. У 1948 Бел. т-р імя Я.Коласа паставіў паводле рамана «Авадзень» спектакль.
Тв.:
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—3. М., 1975.
Літ.:
Таратута Е.А. Этель Лилиан Войнич: Судьба писателя и судьба книги. 2 изд. М., 1964;
Яе ж. По следам «Овода». 2 изд. М., 1967;
Этель Лилиан Войнич: Библиогр. указ. М., 1958.
Е.А.Лявонава.
т. 4, с. 256
ВО́ЙНЫ-ГРЫЧЫ́НАВІЧЫ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, шляхецкі род герба «Тромбы» («Трубы»). Паходзяць ад Войны (упамінаецца ў 1528), аднаго з баяр Грычынавічаў з маёнтка Парэчча ў Пінскім пав. Найб. вядомыя: Мацей, сын Войны, рэферэндар і пісар ВКЛ, падкаморы пінскі з 1566. Лаўрын (Ваўжынец; ? — 23.10.1580), сын Мацея. Староста пінскі (1574—80), гарадзенскі, кобрынскі, падскарбі надворны ВКЛ (1569), падскарбі земскі (1576). Сямён (?—1599), сын Мацея. Маршалак гаспадарскі (1584), кашталян мсціслаўскі (1588). Грыгорый (?—1603), сын Мацея, кашталян брэсцкі (1593). Сокал (?—1610), сын Мацея. Кашталян мсціслаўскі (1599), брэсцкі (1603). Габрыэль (?—1.1.1615), сын Мацея. Пісар ВКЛ (1585), падканцлер ВКЛ (1589). Прымаў удзел у ваенных паходах Стафана Баторыя, быў паслом Жыгімонта III Вазы ў Маскву. Бенядзікт (?—1615), сын Мацея. Сакратар вял. князя ВКЛ і караля Польшчы Стафана Баторыя, біскуп віленскі (1600). Мацей (?—1607?), сын Лаўрына. Пісар ВКЛ (1589), падскарбі надворны ВКЛ (1605). Абрагам (1569—1649), сын Сямёна. Біскуп метонскі, жмудскі (1627) і віленскі (1630).
т. 4, с. 256
ВО́ЙНЫ-ЯСЯНЕ́ЦКІЯ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, шляхецкі род герба «Гакі». Паходзяць ад віцебскіх баяр Рамейкавічаў. Сын аднаго з іх, Война Богушавіч Рамейка, у сярэдзіне 16 ст. валодаў маёнткам Ясянец на р. Сэрвач у Новагародскім (Навагрудскім) пав. Яго нашчадкі — павятовая шляхта ў Віцебскім, Новагародскім і Мазырскім пав. — карысталіся прозвішчам Войны-Ясянецкія (зрэдку з дадаткам старога прозвішча Рамейка). З іх Ян (Іван) у канцы 16 ст. быў намеснікам віцебскага ваяводы, Фёдар Мацвеевіч у 1634 валодаў маёнткам Ласосіна, Канстанцін у 1633—35 быў пісарам земскім віцебскім, Аляксандр (?—1698) быў войскім віцебскім, кашталянам новагародскім (1684).
В.Л.Насевіч.
т. 4, с. 257
ВО́ЙСА,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 4 км на ПнУ ад г. Браслаў. На тэр. нац. парку Браслаўскія азёры, уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 4,88 км², даўж. 3,75 км, найб. шыр. 1,6 км, найб. глыб. 9,1 м, даўж. берагавой лініі 15,2 км. Пл. вадазбору 249 км². Схілы катлавіны на Пн і У высокія, абразійныя, на Пд і З спадзістыя, месцамі забалочаныя. Берагавая лінія звілістая. У катлавіне вылучаюць цэнтр. плёс з плоскім дном, паўн., зах. і паўд. плёсы, аддзеленыя астравамі або падняццямі. 4 астравы агульнай пл. 0,11 км². Найб. глыбіні ў паўд. плёсе. На мелкаводдзі дно пясчанае, глыбей выслана глеямі. Расліннасць каля берагоў утварае перарывістую паласу шыр. 15—20 м. Злучана пратокамі з азёрамі Струста і Неспіш.
т. 4, с. 257