ВО́ЙНАВІЧ

(Vojnovič) Іва (9.10.1857, г. Дуброўнік, Харватыя — 30.8.1929),

харвацкі пісьменнік. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў югаславянскай драматургіі канца 19 — пач. 20 ст. Скончыў юрыд. ф-т Заграбскага ун-та (1880). У 1907—11 літ. кіраўнік Харвацкага нац. т-ра (Заграб). Друкаваўся з 1880. Аўтар зб-каў навел («Пяром і алоўкам», 1884), вершаў і эсэ («Акорды», 1917), аповесці «Ксанта» (1886). У драмах «Эквіноцый» («Калі дзень роўны ночы», 1895), «Дуброўніцкая трылогія» (1902), «Маскарад на паддашшы» (1922) адлюстраваў працэс адмірання традыцый горада-рэспублікі Дуброўнік і выраджэння арыстакратыі. Ідэі яднання сербаў, харватаў і славенцаў адбіліся ў драмах «Смерць маткі Югавічаў» (1907), «Уваскрэсенне Лазара» (1913). Разнастайная тэматыка, сінтэз рэалізму і мадэрнізму, арыгінальныя пошукі ўласцівыя п’есам «Psyche» (1889), «Пані са сланечнікам» (1912), «Imperatrix» (1919).

Тв.:

Сабрана дела. Кн. 1—3. Београд, 1939—41.

І.А.Чарота.

т. 4, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)