Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВОЛ,

кастрыраваны самец буйн. раг. жывёлы ва ўзросце больш за 2 гады. Выкарыстоўваецца пераважна як мясная, радзей рабочая жывёла. Бычкоў, адабраных для забою на мяса, кастрыруюць ва ўзросце 2—5 месяцаў і адкормліваюць (нагульваюць) да 1,5—2-гадовага ўзросту. Забойны выхад у валоў мясных парод 60% і больш. Валоў, якіх прызначаюць для гасп. работ, кастрыруюць ва ўзросце 8—12 месяцаў і прывучаюць да работы з 2-гадовага ўзросту, запрагаючы парамі. Праз 8—9 гадоў валоў ставяць на адкорм. Ад валоў атрымліваюць каштоўную падэшвенную скуру.

т. 4, с. 259

ВО́ЛАВА,

цына (лац. Stannum), Sn, хімічны элемент IV групы перыяд. сістэмы, ат. н. 50, ат. м. 118,710. Прыроднае волава складаецца з 10 стабільных ізатопаў: ​112Sn, ​114Sn – ​120Sn, ​122Sn, ​124Sn; найб. пашыраныя — ​120Sn (32,59%) і ​118Sn (24,22%). У зямной кары змяшчаецца 8·10​-3 % па масе. Трапляецца ў мінералах (гл. Алавяныя руды). Вядома з глыбокай старажытнасці (2-е тыс. да н.э.). Серабрыста-белы метал, мяккі і пластычны, tпл 231,91 °C, tкіп 2620 °C, паліморфны (гл. Полімарфізм); пры т-ры вышэй за 13,2 °C існуе белае волава (β-Sn, шчыльн. 7295 кг/м³), якое пры т-ры ніжэй за 13,12 °C пераходзіць у шэрае волава (α-Sn, шчыльн. 5846 кг/м³), пры гэтым метал ператвараецца ў шэры парашок. У звычайных умовах устойлівае да ўздзеяння вады і кіслароду, узаемадзейнічае з галагенамі, неарган. к-тамі, пры награванні — з дыаксідам вугляроду, неметаламі (серай, селенам, фосфарам і інш.), з растворамі шчолачаў, з металамі (кальцыем, магніем, тытанам і інш.) утварае інтэрметал. злучэнні (гл. Волава злучэнні). Атрымліваюць з алавяных руд і рэгенерацыяй адходаў. Выкарыстоўваюць як кампанент сплаваў бронза, латунь, бабіт (гл. Волава сплавы), для аховы металаў ад карозіі (луджэнне).

І.В.Боднар.

т. 4, с. 259

ВОЛАВААРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

гл. ў арт. Элементарганічныя злучэнні.

т. 4, с. 259

ВО́ЛАВА ДЫАКСІ́Д,

гл. ў арт. Волава злучэнні.

т. 4, с. 259

ВО́ЛАВА ЗЛУЧЭ́ННІ,

неарганічныя хімічныя злучэнні, у якія ўваходзіць волава, пераважна ў ступені акіслення +2, +4. Злучэнні, у якіх волава мае ступень акіслення +2, менш устойлівыя і з’яўляюцца моцнымі аднаўляльнікамі. Найчасцей выкарыстоўваюцца дыаксід і солі (хларыды, сульфіды).

Дыаксід волава SnO2, бясколернае крышт. рэчыва, (tпл 1630 °C, нерастваральны ў вадзе. Хімічна вельмі ўстойлівы, плёнка SnO2 ахоўвае волава ад акіслення ў паветры. У прыродзе — мінерал касітэрыт. Выкарыстоўваюць як белы пігмент для эмалей, шкла, паліваў. Дыхларыд волава SnCl2, бясколерная крышт. соль, tпл 247 °C. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе (аднаўляльнік), пры фарбаванні тканін (пратрава). Тэтрахларыд волава SnCl4, бясколерная вадкасць, дыміць у паветры, tкіп 114 °C, шчыльн. 2230 кг/м (20 °C). Раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры, добры растваральнік для многіх неэлектралітаў (напр., ёд, фосфар, сера і інш.). Выкарыстоўваюць у вытв-сці волаваарган. злучэнняў, святлоадчувальнай паперы і інш. Сульфід волава SnS, крышталі рудога колеру, tпл 880 °C. У прыродзе — рэдкі мінерал герцэнбергіт. Выкарыстоўваюць для павышэння антыфрыкцыйных уласцівасцей падшыпнікавага матэрыялу. Дысульфід волава SnS2, залаціста-жоўтыя крышталі, нерастваральныя ў вадзе. Выкарыстоўваюць як пігмент для фарбаў (імітатар сусальнага золата).

І.В.Боднар.

т. 4, с. 259

ВО́ЛАВА СПЛА́ВЫ,

сплавы на аснове волава. Уключаюць у рознай колькасці інш. элементы, найчасцей свінец, сурму, медзь, цынк, кадмій, вісмут. Маюць нізкую т-ру плаўлення, малую трываласць і цвёрдасць, здавальняючую каразійную ўстойлівасць, некаторыя — добрыя антыфрыкцыйныя ўласцівасці. Адрозніваюць легкаплаўкія сплавы (ад 20 да 90% волава па масе), падшыпнікавыя матэрыялы (85—90% волава, сурма і медзь; напр., бабіт), прыпоі (ад 20 да 90% волава, свінец і сурма).

т. 4, с. 259

ВО́ЛАГДА,

горад у Расіі, цэнтр Валагодскай вобл. 293 тыс. ж. (1994). Прыстань на р. Волагда. Чыг. вузел. Аэрапорт. Машынабудаванне і металаапрацоўка (тралёвачныя машыны, станкабудаванне, вытв-сць аптычна-мех. сістэм, падшыпнікаў, электраапаратуры і інш.), дрэваапр. (піламатэрыялы, драўніна дзелавая, дамы з дрэва; вытв-сць фанеры, кардону, мэблі), хім. (каніфоль, фарбы), паліўная (торфапрадукты), лёгкая (вытв-сць ільновалакна; швейная, трыкат., абутковая, футравая), харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў (жалезабетонныя зборныя канструкцыі, цэгла сілікатная і керамічная). Здабыча нафты. 3 ВНУ. 2 т-ры. 5 музеяў. Традыцыйнае пляценне карункаў.

Упершыню ўпамінаецца ў 1147. Засн. наўгародцамі на волаку, які злучыў басейны рэк Сухана і Шэксна. Да канца 14 ст. ўладанне Ноўгарада, потым у Маскоўскім вял. княстве, гандл. і рамесны цэнтр Расіі. У 1565 пачата буд-ва цаглянага крамля (не завершана). У 1612 Волагда моцна разбурана ў час польска-швед. інтэрвенцыі. З 1708 у складзе Архангельскай губ., з 1719 цэнтр правінцыі, з 1780 Валагодскага намесніцтва, з 1796 губерні. У 1820-я г. засн. промысел карункапляцення. У канцы 19 — пач. 20 ст. праз Волагду пракладзена чыгунка, якая злучыла горад з Масквой, Архангельскам, Пецярбургам і Вяткай. З 1937 цэнтр Валагодскай вобл. У царскія і сав. часы месца паліт. ссылкі.

На тэр. старога цэнтра Волагды — Архірэйскага двара, абкружанага мураванымі сценамі і вежамі (1671—75), размешчаны Сафійскі сабор (1568—70, размалёўкі 1686—88), 8-гранная званіца (1654—59, перабуд. ў 19 ст.), 2-павярховыя палаты Казённага прыказа (1659), 3-павярховыя палаты Іосіфа Залатога (1764—69), Васкрасенскі сабор (1772—76; цяпер карцінная галерэя). Шматлікія цэрквы ў стылі «ўзорачнай» (Канстанціна-Яленінская царква, каля 1690) і «нарышкінскай» (царква Стрэчання на набярэжнай, 1731—35, і інш.) архітэктуры. На ўскраіне горада Спаса-Прылуцкі манастыр (16—17 ст.). З 1781 Волагда забудоўвалася паводле рэгулярнага плана невял. асабнякамі (пераважна ў стылі класіцызму) і драўлянымі дамамі, багата ўпрыгожанымі разьбой.

Літ.:

Вздорнов Г.И. Вологда. 2 изд. Л., 1978;

Сокровища земли вологодской: Фотоальбом. М., 1986.

т. 4, с. 259

ВО́ЛАК,

волакі, старажытнаруская назва месца найб. збліжэння 2 суседніх суднаходных рэк, дзе карацейшым шляхам перацягвалі (валаклі) па сушы судны і грузы з аднаго воднага басейна ў другі. Па пісьмовых крыніцах («Аповесць мінулых гадоў», Дагавор 1229 і інш.) вядомы волак паміж верхнім Дняпром і левымі прытокамі Зах. Дзвіны, яе правымі прытокамі і Ловаццю, што злучалі адрэзкі шляху з «варагаў у грэкі». Адлегласць паміж канцавымі пунктамі волака звычайна не перавышала 20—30 км. На тэр. Беларусі адзначана каля 20 сярэдневяковых волакаў, якія злучалі таксама левыя прытокі Прыпяці і правыя Дняпра з прытокамі Зах. Буга і Нёмана. Дадатковыя звесткі пра існаванне волакаў даюць археал. і нумізматычныя матэрыялы (рэшткі стараж. паселішчаў і курганныя могільнікі, грашова-рэчавыя скарбы). На месцах волакаў узнікалі вёскі (напр., Волак, Завалочча, Пярэвалачня на Беларусі), гарады (Валакаламск, Вышні Валачок у Расіі) і інш. Волакі выкарыстоўваліся таксама княжацкімі дружынамі ў час паходаў.

т. 4, с. 260

ВО́ЛАК,

традыцыйная рыбалоўная снасць у беларусаў; сеткавы мяшок, прымацаваны ў ніжніх частках да двух шастоў (дзядоў). Для лепшага затаплення да мяшка прывязвалі камень. У час лоўлі мяшок адкрытай часткай быў накіраваны ў напрамку цячэння. Аб злоўленай рыбе даведваліся па паторгванні шнуроў (старажоў), што мацаваліся да верхняй плоскасці мяшка і ўтрымлівалі яго ў адкрытым стане. Лавілі волак з дзвюх лодак. Выкарыстоўвалі волак і без шастоў (на Дняпры); мяшок цягнулі за лодкамі на вяроўках. Вядомы на ўсёй Беларусі.

І.М.Браім.

т. 4, с. 260

ВО́ЛАН

(Волян) Андрэй (пасля 1530, Польшча — 6.1.1610),

палітычны дзеяч, філосаф і правазнавец, ідэолаг рэфармацыйнага руху на Беларусі і ў Літве. Вучыўся ва ун-тах Франкфурта-на-Одэры і Кёнігсберга. Служыў сакратаром у каралёў Рэчы Паспалітай Жыгімонта II Аўгуста, Стафана Баторыя, Жыгімонта III Вазы. Выбіраўся паслом у сейм Рэчы Паспалітай ад шляхты Ашмянскага пав. Аўтар палеміка-тэалагічных твораў, палітыка-прававых і філас. трактатаў, прамоў (пераважна на лац. мове), у якіх абгрунтоўваў тэорыю натуральнага права, выступаў за роўнасць усіх саслоўяў перад законам; з пазіцый кальвінізму крытыкаваў арганізац. будову і догмы каталіцкай царквы і папскай улады, адстойваў прынцыпы верацярпімасці. У працах «Пра палітычную або грамадзянскую свабоду», «Прамовы да сената...» (абедзве 1572), «Пра гасудара і ўласцівыя яму дабрачыннасці» (1608) выступаў за рэформы ў сац. і паліт. адносінах, праве, дзярж. кіраванні. Распрацаваў канцэпцыю свабоды чалавека (абарона маёмасці, асабістай бяспекі, усеагульнай згоды і міру ў грамадстве).

Літ.:

Сокол С.Ф. Социологическая и политическая мысль в Белоруссии во II половине XVI в. Мн., 1974;

Падокшын С.А., Шатон В.К. Андрэй Волан і яго трактат «Пра шчаслівае жыццё, або Найвышэйшае чалавечае дабро» // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1981. № 1.

т. 4, с. 260