ВЕНГЕ́РСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ (ВСРП),
палітычная партыя левага кірунку ў Венгрыі ў 1918—89. Засн. 24.11.1918 як Камуніст. партыя Венгрыі (сярод арганізатараў Б.Кун, Т.Самуэлі). З вер. 1944 наз. Венг. Камуніст. партыя (ВКП). Пасля аб’яднання ў чэрв. 1948 ВКП з С.-д. партыяй Венгрыі наз. Венг. партыя працоўных, у ліст. 1956 — пач. 1957 рэарганізавана ў ВСРП. Дзейнічала да кастр. 1989. У снеж. 1989 частка членаў б. ВСРП стварыла новую аднайм. партыю. Гл. таксама раздзел Гісторыя ў арт. Венгрыя.
т. 4, с. 72
ВЯЛІ́КАЯ САВЕ́ЦКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ (ВСЭ),
буйнейшае універсальнае энцыклапедычнае выданне ў СССР. Выдавалася ў Маскве выд-вам «Савецкая Энцыклапедыя». 1-е выд. (т. 1—66, 1926—47) уключала 65 тыс. арт., прысвечаных будаўніцтву сав. дзяржаўнасці, тагачаснай палітыцы і эканоміцы, міжнар. становішчу. У 2-е выд. (т. 1—51, 1950—58; каля 100 тыс. арт.; прадметна-імянны паказальнік у 2 т., 1960) побач з разгорнутымі артыкуламі пра саюзныя рэспублікі, замежныя краіны, навукі і інш. ўключана вял. колькасць сярэдніх і невялікіх па аб’ёме артыкулаў. У 3-м выд. (т. 1—30, 1969—78; больш за 100 тыс. арт., імянны паказальнік у 1 т., 1981) празмерная ідэалагізаванасць паступова саступіла месца навук. аб’ектыўнасці, а шматслоўнасць і паняційная няпэўнасць — сцісласці і лагічнай дакладнасці. Па прынцыпах укладання 3-е выд. ВСЭ канкурыруе з лепшымі ням. універсальнымі энцыклапедыямі (Бракгаўза, Меера, Бертэльсмана). Перакладзена і выдадзена ў ЗША, Грэцыі. У 1957—90 выдаваўся «Штогоднік ВСЭ». На базе ВСЭ выйшлі «Малая Савецкая Энцыклапедыя», «Дзіцячая Энцыклапедыя», шматлікія галіновыя энцыклапедыі і энцыклапедычныя даведнікі.
В.К.Шчэрбін.
т. 4, с. 382