Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«ВИ́ЛЕНСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

афіцыйная газета. Выдавалася Віленскім губернскім праўленнем з 1838 да 28.9(11.10).1916 на рус. мове. Выходзіла ў Вільні, у 1915 (№61—63) у Дзісне, потым у Туле з рознай перыядычнасцю. Мела афіц. і неафіц. аддзелы. У афіц. аддзеле друкаваліся пастановы, распараджэнні, аб’явы, весці цэнтр. і мясц. улад. Неафіц. аддзел (у 1846—63 выходзіў як самаст., газета пад той жа назвай, з 1864 друкаваўся на апошняй старонцы газеты) асвятляў мясц. жыццё, друкаваў артыкулы па гісторыі, геаграфіі, эканоміцы, статыстыцы, культуры, нар. асвеце і інш. У розны час выдаваліся дадаткі да газ. «Асобныя артыкулы», «Дадаткі».

т. 4, с. 169

«ВИ́ЛЕНСКИЙ ВЕ́СТНИК»

(«Kurier Wileński»),

палітычная і літаратурная газета Паўн.-Зах. краю. Выдавалася з 1841 да 1915 у Вільні (з кастр. 1915 да 1916 у Гомелі) на польскай і рускай, з 1865 на рус. мове. Замяніла газ. «Kurier Litewski» («Літоўскі веснік»). Рэдактары Э.І.Адынец, А.К.Кіркор, П.Р.Бывалькевіч і інш. Напачатку мела паланафільскі кірунак, пасля задушэння паўстання 1863—64 стала прапагандаваць рускамоўную школу, правасл. царкву і інш.

Пэўную папулярнасць газета мела ў 1860—65, калі яе рэдагаваў Кіркор; змяшчала матэрыялы па бел. этнаграфіі, гісторыі, л-ры; друкавала навук. працы і літ. творы В.І.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлі, А.І.Вярыгі-Дарэўскага, Я.Ф.Карскага, М.В.Доўнар-Запольскага і інш. У 1870—90 асвятляла пытанні культуры і быту, пісала аб забавах віленскай знаці, заезджых знакамітасцях, зрэдку пра эканам. і паліт. жыццё Расіі і замежжа. Бел. праблемы газету мала цікавілі. Мела дадаткі: «Сельское чтение. Еженедельный народный журнал» (1877—78), «Виленский вестник. Телеграммы и вести о войне» (1904; 1914), «Виленский вестник. Еженедельное иллюстрированное приложение» (1905), «Вечерний Виленский вестник» (1915).

С.В.Говін.

т. 4, с. 169

«ВИ́ТЕБСКАЯ СТАРИНА́»,

гл. «Віцебская даўніна».

т. 4, с. 202

«ВИ́ТЕБСКИЕ ГУБЕ́РНСКИЕ ВЕ́ДОМОСТИ»,

газета, афіцыйны орган Віцебскага губернскага праўлення. Выдавалася з 1838 да 23.12.1917 (5.1.1918) у Віцебску на рус. мове з рознай перыядычнасцю. Мела афіц. і неафіц. (з 1845) аддзелы. Афіц. змяшчаў пастановы і распараджэнні цэнтр. і мясц. улад. Неафіц. меў значэнне самаст. газеты, з 1901 выдаваўся асобна, асвятляў падзеі ў краіне і за мяжой, жыццё Віцебска, Полацка, Веліжа і інш. нас. пунктаў губерні, друкаваў літ. творы, даследаванні па гісторыі, краязнаўстве, этнаграфіі, фальклоры (часам на бел. мове), артыкулы гасп. тэматыкі. Мела дадаткі «Телеграммы «Витебских губернских ведомостей» (1887—92, 1895—1905) і «Народный листок» (1907; выйшла 8 нумароў). З 29.12.1905 (11.1.1906) да 5(18).6.1907 замест неафіц. аддзела выходзіла прыватная газ. «Витебский голос». Са студз. 1907 выданне неафіц. аддзела адноўлена, 29.6.1912 спынена, замест яго пачала выходзіць газ. «Витебский вестник».

У.Дз.Будзько, М.В.Нікалаеў.

т. 4, с. 202

«ВИ́ТЕБСКИЙ ВЕ́СТНИК»,

грамадска-паліт. газета. Выдавалася штодзённа з 1(14).7.1912 да 16(29) 4.1917 у Віцебску на рус. мове. Была рупарам мясц. арг-цыі Саюза рускага народа і правых акцябрыстаў. Выдавалася на ўрадавыя сродкі. Друкавала афіц. ўрадавыя матэрыялы, агляды рус. газет і часопісаў, хроніку, аб’явы. Лічыла Беларусь спрадвечным рускім краем з мясц. асаблівасцямі. У гады 1-й сусв. вайны прапагандавала патрыят. погляды. Пасля Лют. рэв. 1917 перайшла на памяркоўна-ліберальную пазіцыю. Публікавала этнагр. даследаванні Е.Раманава, апавяданні і нарысы А.Пшчолкі, гіст.-краязнаўчы нарыс А.Сапунова «Французы ў Віцебску» і інш. творы мясц. аўтараў.

т. 4, с. 202

«ВИ́ТЕБСКИЙ ГО́ЛОС»,

грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася штодзённа з 29.12.1905 (11.1.1906) да 5(18).6.1907 у Віцебску на рус. мове; замяняла неафіц. аддзел газ. «Витебские губернские ведомости». У 1906 прытрымлівалася акцябрысцкага кірунку, пазней — прыватная газ. ліберальна-кадэцкага кірунку. Асуджала імперыял. планы царызму ў рус.-яп. вайне 1904—05, рэпрэсіі супраць удзельнікаў 1-й рус. рэвалюцыі і інш. Крытыкавала ўрадавую палітыку «адзінай і непадзельнай» Расіі, выступала за культ.-нац. і тэр. аўтаномію яе народаў. Вітала выхад «Нашай нівы» як сапраўды народнага выдання. Змяшчала літ. творы рус. і мясц. аўтараў. Асвятляла пытанні мясц. жыцця, эканомікі, нар. асветы, тэатр. і муз. навіны горада.

У.М.Конан.

т. 4, с. 202

«ВИ́ТЕБСКИЙ КРАЙ»,

грамадска-паліт. і літ. часопіс ліберальнага кірунку. Выдаваўся штотыднёва з 30.10(12.11).1916 да 22.10(4.11). 1917 у Віцебску на рус. мове [з 5(18).3 да 20.8(2.9).1917 не выходзіў]. Выступаў за дэмакр. рэспубліку, вітаў Лют. рэв. 1917, асуджаў падрыхтоўку да ўзбр. паўстання супраць Часовага ўрада. Прытрымліваўся пацыфісцкіх пазіцый, але пасля звяржэння царызму выступаў за абарону «рускай бацькаўшчыны». Агітаваў за адзінства ўсіх нацый і народаў у складзе Расіі, мірнае вырашэнне сац. і нац. канфліктаў. Апублікаваў цыкл артыкулаў «Забыты край. Нарысы Беларусі». Змяшчаў літ. творы, пераклады, рэцэнзіі, тэатр. агляды. Выйшла 20 нумароў.

т. 4, с. 202

«ВИ́ТЕБСКИЙ КУРЬЕ́Р М»,

грамадска-палітычная газета. Выходзіць з 1990 у Віцебску на бел. і рус. мовах (да 1995 наз. «Витебский курьер»). Асвятляе грамадска-паліт., эканам. і культ. жыццё Віцебска і вобласці. Шмат увагі аддае асвятленню міжнар. і бел. фестываляў «Славянскі кірмаш», гітарнай музыкі «Менестрэль», сучаснай харэаграфіі, а таксама мерапрыемстваў, прысвечаных М.Шагалу, выставак, канцэртаў. Друкуе матэрыялы па гісторыі Віцебшчыны, нататкі пра славутых ураджэнцаў краю. Змяшчае рэсп. і замежную інфармацыю.

т. 4, с. 202

«ВИ́ТЕБСКИЙ ЛИСТО́К»,

грамадска-эканам. і с.-г. газета ліберальнага кірунку. Выдавалася з 3(15).1.1898 да 21.3(2.4). 1899 у Віцебску на рус. мове 2 разы на тыдзень Віцебскім т-вам сельскіх гаспадароў. Закранала гал. чынам праблемы памешчыцкай гаспадаркі і гандлю с.-г. прадуктамі, будаўніцтва дарог. Друкавала звесткі пра кан’юнктуру мясц. рынку. Асвятляла тэатр. і муз. жыццё горада, дзейнасць мясц. культ. устаноў і інш.

т. 4, с. 202

«ВИ́ТЕБСКИЙ ЛИСТО́К»,

прыватная газета. Выдавалася штодзённа з 21.1(3.2).1916 да 12.7.1919 у Віцебску на рус. мове. Да Кастр. рэвалюцыі прытрымлівалася памяркоўна-ліберальнага кірунку, вяла палеміку з чарнасоценнымі арг-цыямі. Друкавала інфармацыю пра ваен. дзеянні на франтах 1-й сусв. вайны, пра ўнутр. і міжнар. становішча краіны, эканам. стан Віцебскай губ., пра сац.-эканам. і бытавыя праблемы горада. Вітала Лют. рэв. 1917, падтрымлівала Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Часовы ўрад Расіі. Пасля Кастр. рэвалюцыі падтрымлівала дзейнасць органаў сав. улады. Выступала супраць абвяшчэння БНР, вітала абвяшчэнне БССР. Асвятляла тэатр., муз. і літ. жыццё горада, рэкламавала кінематограф, эстраду, аперэту. У 1917 друкавала дадатак «Вечерний бюллетень», у 1918—19 — гумарыстычную старонку «Витебский писк».

У.М.Конан.

т. 4, с. 202