ВАЕ́ННА-ПРАМЫСЛО́ВЫЯ КАМІТЭ́ТЫ
(ВПК),
грамадскія арг-цыі ў Расійскай імперыі ў 1-ю сусв. вайну. Створаны ў 1915, мелі на мэце мабілізацыю прам-сці на патрэбы вайны, атрыманне ад царскага ўрада выгадных ваен. заказаў і паліт. уступак, раскол рэв. руху і падпарадкаванне рабочага класа ўплыву буржуазіі. На пач. 1916 створаны Цэнтр. ВПК і 220 мясцовых, аб’яднаных у 33 абласныя. У 1915 ВПК дзейнічалі ў Гродне, Вільні, Беластоку, Мінску, Слоніме, Пінску, Бабруйску, Магілёве, Гомелі, Полацку і Віцебску (з аддзелам у Дзвінску). 19.7.1915 на з’ездзе ў Вільні сфарміраваны Паўн.-Зах. ВПК, які пашыраў сваю дзейнасць на Зах. і часткова Паўн.-Зах. франты. Пасля Кастр. рэвалюцыі ВПК пастаўлены пад кантроль ВСНГ, у 1918 перайменаваны ў нар.-прамысл. к-ты, у ліп. 1918 за дзейнасць супраць сав. улады ліквідаваны.
т. 3, с. 442
ВАЕ́ННА-ПРАМЫСЛО́ВЫ КО́МПЛЕКС
(ВПК),
альянс ваеннай прамысловасці, узбр. сіл і звязаных з імі дзярж. апарату, навукі і сродкаў масавай інфармацыі. Пачаў фарміравацца ў ЗША і СССР у 2-ю сусв. вайну. Тэрмін уведзены амер. прэзідэнтам Д.Эйзенхаўэрам у 1950-я г. ВПК асабліва актыўна развіваўся пасля 2-й сусв. вайны ў сувязі з нарастаннем процістаяння 2 процілеглых сусв. сістэм, «халоднай вайны». У выніку ўзніклі блокі ваенныя, у т. л. Паўночны Атлантычны пакт і Варшаўскі дагавор 1955. У ВПК выкарыстоўваліся найноўшыя дасягненні навук.-тэхн. прагрэсу, ён быў асновай мілітарызацыі эканомікі. У свеце ў канцы 1980-х г. у ваен. вытв-сці было занята каля 30 млн. чал. і столькі ж пастаўлена пад ружжо ва ўзбр. сілах, каля 500 тыс. вучоных займаліся ваен.-навук. распрацоўкамі. У сувязі з раззбраеннем, асабліва пасля распаду СССР, сусв. сацыяліст. сістэмы і яе ваен. блока на многіх прадпрыемствах ВПК пачалася канверсія. Але ён па-ранейшаму мае магутны патэнцыял, выпускае вял. колькасць узбраенняў для сваіх краін і ваен. бізнесу. На Беларусі на ВПК працавала больш за 100 прадпрыемстваў — пераважна радыёэлектроннай прам-сці і прыладабудавання.
т. 3, с. 442
ВЫХАВА́ЎЧА-ПРАЦО́ЎНАЯ КАЛО́НІЯ
(ВПК),
папраўча-працоўная ўстанова ў Рэспубліцы Беларусь, дзе адбываюць пакаранне непаўналетнія, асуджаныя да пазбаўлення волі. У ВПК ажыццяўляецца перавыхаванне асуджаных шляхам прыцягнення іх да грамадска карыснай працы, правядзення з імі выхаваўчай работы, абавязковага агульнаадук. і прафес.-тэхн. навучання. Умовы ўтрымання і нормы ў ВПК улічваюць асаблівасці ўзросту і полу асуджаных. У залежнасці ад характару ўчыненага імі злачынства і інш. акалічнасцей адрозніваюць ВПК агульнага і ўзмоцненага рэжыму. Асуджаных утрымліваюць у ВПК да 18-гадовага ўзросту, пасля пераводзяць у адпаведныя калоніі для дарослых.
т. 4, с. 328
ВЫШЭ́ЙШАЕ ПРАФЕСІ́ЙНАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА (ВПВ). Засн. паводле пастановы СМ Беларусі ад 1.3.1989 «Аб эксперыменце па бесперапыннай падрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых і тэхнікаў». Прымаюць асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Вядуць падрыхтоўку рабочых кадраў па 60 прафесіях (1-я ступень падрыхтоўкі, тэрмін навучання 2—3 гады) і спецыялістаў з сярэдняй спец. адукацыяй па 18 спецыяльнасцях (2-я ступень, 3 гады і 10 месяцаў) для машына- і прыладабудавання, чыг. транспарту, буд-ва, сельскай гаспадаркі і інш. Першае ВПВ створана ў 1989 у Мінску на базе сярэдняга прафес.-тэхн. вучылішча № 15. У 1996/97 навуч. г. на Беларусі 22 ВПВ і 1 вышэйшае тэхн. вучылішча машынабудаўнікоў.
А.М.Гарнак.
т. 4, с. 333