ВЛАМІ́НК
(Vlaminck) Марыс дэ (4.4.1876, Парыж — 11.10.1958),
французскі жывапісец і графік. Прадстаўнік фавізму. Самавучка, фарміраваўся пад уплывам В. ван Гога і П.Сезана. Раннія творы (пач. 20 ст.) дынамічныя па кампазіцыі, напружана-кантрастныя і крыкліва-зыркія па колеры і пейзажы: «Чырвоныя дрэвы», «Дом пад дрэвам», «Цырк», «Нацюрморт з яблыкамі» (усе 1906), «Баркі на Сене» (1907), «Буксір каля Шату» (1908), «Кветкі» (1909); партрэт «А.Дэрэна» (1905), «Аўтапартрэт» (1912) і інш. Творам 1920—30-х г. («Руэй-ла-Гадэльер», «Царква ў Аверсюр-Уаз. Памяці ван Гога») уласціва драм. экспрэсія, змрочны каларыт. Працаваў у галіне станковай і кніжнай графікі (гравюры на дрэве «Жаночая галава», «Аржэнтоль», літаграфія «Сен-ле-Таверні» і інш.).
Літ.:
Selz J. Vlaminck. Paris, 1975.
В.Я.Буйвал.
т. 4, с. 243
ВЛТА́ВА
(Vltava),
рака ў Чэхіі, левы прыток р. Лаба (Эльба). Даўж. 446 км, пл. бас. 28 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Шумава; пасля прарыву цераз цясніну «Чортавы сцены» (каля г. Вішы-Брод), цячэ па Будзеёвіцкай раўніне, потым па ўзвышшах Сярэдняй Чэхіі. Сярэдні расход вады каля г. Прага 142 м³/с. Веснавая паводка. Суднаходная (з дапамогай шлюзаў) у ніжнім цячэнні на 84 км. Вадасховішча. ГЭС. На Влтаве гарады Прага, Чэске-Будзеёвіцы.
т. 4, с. 244