Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЛАМІ́НК

(Vlaminck) Марыс дэ (4.4.1876, Парыж — 11.10.1958),

французскі жывапісец і графік. Прадстаўнік фавізму. Самавучка, фарміраваўся пад уплывам В. ван Гога і П.Сезана. Раннія творы (пач. 20 ст.) дынамічныя па кампазіцыі, напружана-кантрастныя і крыкліва-зыркія па колеры і пейзажы: «Чырвоныя дрэвы», «Дом пад дрэвам», «Цырк», «Нацюрморт з яблыкамі» (усе 1906), «Баркі на Сене» (1907), «Буксір каля Шату» (1908), «Кветкі» (1909); партрэт «А.Дэрэна» (1905), «Аўтапартрэт» (1912) і інш. Творам 1920—30-х г. («Руэй-ла-Гадэльер», «Царква ў Аверсюр-Уаз. Памяці ван Гога») уласціва драм. экспрэсія, змрочны каларыт. Працаваў у галіне станковай і кніжнай графікі (гравюры на дрэве «Жаночая галава», «Аржэнтоль», літаграфія «Сен-ле-Таверні» і інш.).

Літ.:

Selz J. Vlaminck. Paris, 1975.

В.Я.Буйвал.

т. 4, с. 243