Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЮ́РМСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

вюрм, апошняе плейстацэнавае зледзяненне ў Альпах. Адбылося ад 70—80 да 11 тыс. гадоў назад. Вылучаюцца 3 стадыі (вюрм І—III), з якіх сярэдняя характарызуецца значным пацяпленнем і скарачэннем плошчы зледзянення. Вюрмскае зледзяненне адпавядае паазерскаму зледзяненню ў Беларусі, валдайскаму зледзяненню ў еўрап. ч. Расіі, віслінскаму (вейхзельскаму) у Зах. Еўропе, віскансінскаму зледзяненню ў Паўн. Амерыцы.

т. 4, с. 337

ВЮРЦ

(Wurtz) Шарль Адольф (26.11.1817, г. Страсбур, Францыя — 12.5.1884),

французскі хімік, адзін з заснавальнікаў сінт. кірунку ў арган. хіміі. Чл. Парыжскай (1867), замежны чл.-кар. Пецярбургскай (1873) АН. Скончыў Страсбурскі ун-т (1839). З 1844 у Вышэйшай мед. школе ў Парыжы (з 1853 праф.), з 1875 у Парыжскім ун-це. Навук. працы па арган. і неарган. хіміі. Распрацаваў метад сінтэзу парафінавых вуглевадародаў уздзеяннем метал. натрыю на алкілгалагеніды (рэакцыя Вюрца, 1855), адкрыў альдольную кандэнсацыю (1872). Яго імем названы мінерал вюрцыт.

Літ.:

Мусабеков Ю.С. Шарль Адольф Вюрц. М., 1963.

т. 4, с. 337

ВЮ́РЦБУРГ

(Würzburg),

горад у цэнтр. частцы ФРГ, зямля Баварыя. 128,9 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Майн. Машынабудаванне (у т. л. вагонабудаванне, вытв-сць друкарскіх машын, эл.-тэхн. вырабаў); хім., харч., паліграф, прам-сць. Цэнтр вінаградарства і вінаробства. Ун-т (з 1582). Музеі. Арх. помнікі 8—18 ст., у тл. будынак епіскапскай рэзідэнцыі (1719—53), які ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

т. 4, с. 337

ВЮРЦЫ́Т

(ад прозвішча франц. хіміка Ш.А.Вюрца),

мінерал класа сульфідаў, сульфід цынку, ZnS. Прымесі жалеза, кадмію, германію, марганцу і інш. Паліморфная мадыфікацыя ZnS гексаганальнай сінганіі. Крышталі дробныя пірамідальныя, радзей таблітчастыя. Агрэгаты радыяльна-прамянёвыя, слаістыя, каламорфныя. Колер ад светла-жаўтаватага да цёмна-чырвона-карычневага і амаль чорнага. Бляск смалісты. Цв. 3,4—4. Шчыльн. 4 г/см³. У асноўным гідратэрмальны мінерал. Трапляецца таксама ў асадкавых пародах, у сідэрытавых і гліністых канкрэцыях. Руда цынку, іншы раз кадмію.

т. 4, с. 337

Вютрых Курт

т. 18, кн. 1, с. 366

ВЮЯ́Р

(Vuillard) Жан Эдуар (11.11.1868, г. Кюізо, Францыя — 21.6.1940),

французскі жывапісец, графік і дэкаратар. З 1886 вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў і ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы. Удзельнік групы «Набі» (1892). Зведаў уплыў П.Гагена, А.Тулуз-Латрэка, яп. гравюры. У партрэтах, пейзажах, бытавых карцінах, дэкар. пано спалучаў сімвалізм з падкрэсленай дэкаратыўнасцю формаў, плоскаснай трактоўкай прасторы, вытанчанай эмацыянальнасцю і гармоніяй фарбаў, імкненнем да інтымнасці вобразаў. Асн. творы: аўтапартрэт (тры пано, 1809), «У ложку» (1891), «У пакоі» (1893), «Сады Парыжа» (тры пано, 1894), «На канапе», «У садзе», партрэт мадам Бенар (1930).

Літ.:

Крючкова В.А. Символизм в изобразительном искусстве: Франция и Бельгия, 1870—1900. М., 1994. С. 190—219.

т. 4, с. 337