Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВО́САВА,

Осава, вёска ў Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 25 км на З ад г. Бабруйск, 135 км ад Магілёва, 7 км ад чыг. ст. Такары. 701 ж., 220 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі.

т. 4, с. 275

ВО́СЕВЫ ЦЫЛІ́НДР,

гл. Аксон.

т. 4, с. 275

ВО́СЕВЫ ШКІЛЕ́Т,

аддзел унутр. шкілета пазваночных. Прадстаўлены хордай, пазванкамі і рэбрамі. У кругларотых (міногі, міксіны) і некат. рыб хорда захоўваецца пажыццёва, у большасці пазваночных яна ў працэсе антагенезу выціскаецца целамі пазванкоў. У рыб восевы шкілет прадстаўлены храстковым або касцявым пазваночнікам, што раздзелены на тулаўны і хваставы аддзелы; у наземных пазваночных ён мае шыйны, грудны, паяснічны, крыжавы, рухомы хвастцовы аддзелы.

т. 4, с. 275

ВО́СЕННІК,

род раслін, гл. Пазнацвет.

т. 4, с. 275

ВО́СЕНЬ,

пара года і пераходны кліматычны сезон паміж летам і зімой. Астранамічная восень у Паўн. паўшар’і — прамежак часу ад 23 вер. (асенняе раўнадзенства) да 22 снеж. (зімовае сонцастаянне), у Паўд. паўшар’і — ад 21 сак. да 22 чэрвеня. Асеннія месяцы ў Паўн. паўшар’і верасень, кастрычнік, лістапад, у Паўд.сак., крас., май (гл. Каляндар). Паводле феналагічных з’яў восень падзяляецца на залатую (пажаўценне лісця), глыбокую і перадзім’е. Ва ўмераных шыротах восень характарызуецца паступовым зніжэннем т-ры паветра да адмоўнай сярэднямесячнай, працяглымі дажджамі, адлётам птушак у вырай, лістападам, замярзаннем глебы, з’яўленнем снегавога покрыва, ледаставам на рэках і азёрах.

На Беларусі пачаткам восені лічыцца дата ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 10 °C, а канцом — праз 0 °C у бок паніжэння. Пачынаецца восень у канцы 2-й — пач. 3-й дэкады вер. на Пн і У, у канцы 3-й дэкады вер. — 1-й дэкадзе кастр. на Пд і ПдЗ. Часам бывае вяртанне цёплага надвор’я — «бабіна лета». Канец восені супадае з паяўленнем снегавога покрыва ў пач. 2-й дэкады ліст. на ПнУ, у канцы ліст. на ПдЗ. Восень — час уборкі ўраджаю, сяўбы азімага жыта, канец вегетацыі раслін, падрыхтоўкі жывёл да зімы.

т. 4, с. 275

ВО́СЕНЬСКІЯ ПЕ́СНІ,

восень, жанрава разнастайны цыкл песень каляндарна-земляробчага круга. Вызначаюцца нац. адметнасцю, якая праяўляецца: ва ўтварэнні асобага цыкла, сцвярджаючы тым самым бел. каляндарны фальклор як 4-цыклавы (у іншых славянскіх і балцкіх народаў восеньскія песні як самаст. цыкл не адзначаны, а паасобныя іх узоры працягваюць летні або папярэджваюць зімовы цыклы); у фарміраванні пазаабрадавай песеннай лірыкі больш позняга гісторыка-стылёвага пласта; у канцэнтраванні характэрных рыс бел. народнапесеннай творчасці як этнакультуры (паглыблены лірызм пры эмацыянальнай стрыманасці). У цэлым восеньскія песні на Беларусі ўтвараюць тры вял. групы: з абагульненымі тыпалагічна акрэсленымі напевамі («ярныя», «ярынныя», «яравое жніво»; «ільняныя», «пры лёне»; «аўсяныя», «авясец»), строга замацаваныя за апошнім этапам палявых работ; з абагульненымі тыпавымі і ў пэўнай меры індывідуалізаванымі напевамі (уласна «восень»); з індывідуалізаванымі напевамі, умоўна прымеркаванымі да восені (могуць спявацца і «абы-калі» — «журавіны беручы», «збіраючы грыбы» і інш.). Першыя 2 групы пашыраны на Паазер’і і Панямонні, апошняя — на ўсёй тэр. Беларусі. Пры агульнасці тэматыкі з усімі каляндарнымі песнямі (працоўнай, шлюбнай і сямейна-бытавой) у восеньскай песні дамінуе шчымлівы матыў развітання (насуперак узнёсламу матыву чакання ў веснавых песнях). Асноўная сфера іх паэтычнай вобразнасці — элегічны роздум з псіхал. паралелямі, якія асацыіруюцца з карцінамі затухаючай прыроды з тыповымі «ярыннымі» вобразамі птушак (перапёлкі, цецерука), сумам іх адлятання. Адпаведны танальны настрой выяўляюць і муз. выразныя сродкі восеньскіх песень. Іх мелодыя разгортваецца плаўна, з частым, як бы сузіральным спыненнем на адным гуку (найчасцей квінтавым тоне гукараду), з характэрнай секундавай пераменнасцю апорных тонаў, што стварае ўражанне незавершанасці, замяшання, нейкай затоенасці пачуццяў. У песнях з тыповымі восеньскімі напевамі тыпалагічна акрэслены і восеньскія сюжэты. Па нар. вызначэнні на Паазер’і восень — гэта мядзведзь: «А ў цёмным лесе мядзведзь рыкаіць / Мядзведзь рыкаіць, дзевак пужаіць». Далей гэты зачын разгортваецца ў сумна паглыбленых тонах: не мядзведзя баіцца дзяўчына, а восеньскай ночкі — «цёмнай», «доўгай», «страшнай», якая разлучыць яе з «айцом і мамкай» (па традыцыі сватаўство на Паазер’і адбывалася гал. чынам познімі восеньскімі вечарамі). На Палессі восень — гэта галкі: «Ой вы, галкі, вы чарненькія, падніміцесь ўгору / Некруцікі маладзенькія, вярніцесь дадому». Але як галкі не могуць падняцца, ахінутыя восеньскім туманам, так не могуць вярнуцца і рэкруты. Усеабдымны сум развітання (з цеплынёю лета, прыгажосцю дзявоцтва) збліжае восеньскія песні з драматызмам «абраду пераходу» ў вясельных песнях, аж да супадзення сюжэтнай і структурнай тыпізацыі, як у наступных восеньскай і вясельнай песнях: «Чаго ты, лосю, чаго, сівенькі, так к сялу прылягаеш? / Ой ці ты, лосю, ці ты, сівенькі, цяжкую зіму чуеш?», «Ляцяць галачкі ў тры радочкі, зязюлька паперэду / Усе галачкі па лугах селі, зязюлька на каліне / Усе галачкі зашчабяталі, зязюлька закувала». З усіх 4 цыклаў песень каляндарна-земляробчага круга (як гукавых знакаў-сімвалаў рознай пары года) менавіта восеньскі цыкл прыцягвае самую вял. колькасць неабрадавых лірычных песень, што сведчыць аб яго найбольшай адкрытасці ў макрасістэме бел. песеннай культуры.

Публ.:

Беларускія народныя песні. Т. 3. Мн., 1962;

Восеньскія і талочныя песні. Мн., 1981 (Бел. нар. творчасць);

Мажэйка З.Я. Песні Беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни Белорусского Полесья. Вып. 1. Мн., 1983;

Паэзія беларускага земляробчага календара. Мн., 1992 (Бел. нар. творчасць).

Літ.:

Мухаринская Л.С. Белорусская народная песня: Ист. развитие: (Очерки). Мн., 1977;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985.

З.Я.Мажэйка.

т. 4, с. 275

ВО́СКІ,

рэчывы, пераважна прыроднага паходжання, па ўласцівасцях блізкія да пчалінага воску. Аморфныя, тэрмапластычныя, воданепранікальныя, маюць нізкую эл. праводнасць, tпл 40—90 °C, гаручыя. Хім. ўласцівасцямі блізкія да тлушчаў.

Прыродныя воскі падзяляюць на жывёльныя (пчаліны воск, ланалін, спермацэт), раслінныя (карнаўбскі, пальмавы, японскі і інш.) і выкапнёвыя (тарфяны, буравугальны, азакерыт, цэразін). Жывёльныя і раслінныя складаюцца пераважна са складаных эфіраў, утвораных вышэйшымі тлустымі к-тамі і аднаатамнымі спіртамі з 12—46 атамамі вугляроду ў малекуле. Выкапнёвы воск (азакерыт, цэразін) — сумесь насычаных вуглевадародаў. Атрымліваюць сінт. воскі (напр., з нафтавых парафінаў, полімерызацыяй этылену).

Выкарыстоўваюць для прыгатавання палітур, ахоўных кампазіцый для металаў, тканін, паперы, скуры, як ізаляцыйны матэрыял, кампанент мазяў у касметыцы і медыцыне.

т. 4, с. 276

ВО́СПА ў жывёл, кантагіёзная вірусная хвароба. Узбуджальнік — ДНК-змяшчальны вірус. Хваробу суправаджае ліхаманка і папулёзна-пустулёзныя высыпкі на скуры і слізістых абалонках. Хварэюць амаль усе віды млекакормячых і птушак. Крыніца інфекцыі — хворыя жывёлы і вірусаносьбіты (вірусы ў выдзяленнях з носа, сліне, воспавых скарынках). Інкубацыйны перыяд 4—12 сутак. Хвароба працякае ў абартыўнай (найбольш лёгкай), зліўнай і гемарагічнай (цяжкай) форме.

У авечак воспавыя пашкоджанні на скуры губ, носа, вакол вачэй, на канечнасцях, у кароў — на вымі і сасках, у свіней — па ўсім целе. У птушак бывае скурная (воспіны на грэбені, бародцы, завушніцах, аснове дзюбы) і дыфтэрычная (пашкоджанні ротавай і насавой поласцей) формы. Лятальнасць у авечак ад 2—3% пры дабраякасным да 100% пры злаякасным цячэнні хваробы, у парасят 40—80%, у птушкі 15—60%.

т. 4, с. 276

ВО́СПА ВЕТРАНА́Я,

вятранка, масавая востразаразная інфекц. хвароба чалавека. Узбуджальнік — фільтроўны вірус — перадаецца ад хворага паветрана-кропельным шляхам. Інкубацыйны перыяд 13—17 дзён. Павышаецца т-ра, на скуры з’яўляецца высыпка, у поласці рота і глоткі — язвачкі, запаленне дыхальных шляхоў. У перахварэлых на воспу ветраную выпрацоўваецца стойкі імунітэт.

т. 4, с. 276

ВО́СПА НАТУРА́ЛЬНАЯ,

вострая інфекц. хвароба чалавека віруснага паходжання. Вірус перадаецца праз паветра (кашаль, пыл) і размнажаецца ў эпітэліяльных клетках скуры, слізістых абалонак. Інкубацыйны перыяд 10—12 дзён. Павышаецца т-ра, моцная інтаксікацыя, пашкоджваюцца сасуды, на скуры і слізістых абалонках з’яўляюцца пухіркі (воспіны) і гнайнічкі. Пухіркі падсыхаюць і адпадаюць, на іх месцы застаюцца рубцы. Часта зыход смяротны. Пакідае пасля сябе імунітэт, папярэджваецца воспапрышчэпліваннем (гл. ў арт. Вакцынапрафілактыка). На Беларусі, як і ў інш. краінах свету, хвароба ліквідавана.

А.П.Красільнікаў.

т. 4, с. 276