ВО́СЕНЬ,
пара года і пераходны кліматычны сезон паміж летам і зімой. Астранамічная восень у Паўн. паўшар’і — прамежак часу ад 23 вер. (асенняе раўнадзенства) да 22 снеж. (зімовае сонцастаянне), у Паўд. паўшар’і — ад 21 сак. да 22 чэрвеня. Асеннія месяцы ў Паўн. паўшар’і верасень, кастрычнік, лістапад, у Паўд. — сак., крас., май (гл. Каляндар). Паводле феналагічных з’яў восень падзяляецца на залатую (пажаўценне лісця), глыбокую і перадзім’е. Ва ўмераных шыротах восень характарызуецца паступовым зніжэннем т-ры паветра да адмоўнай сярэднямесячнай, працяглымі дажджамі, адлётам птушак у вырай, лістападам, замярзаннем глебы, з’яўленнем снегавога покрыва, ледаставам на рэках і азёрах.
На Беларусі пачаткам восені лічыцца дата ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 10 °C, а канцом — праз 0 °C у бок паніжэння. Пачынаецца восень у канцы 2-й — пач. 3-й дэкады вер. на Пн і У, у канцы 3-й дэкады вер. — 1-й дэкадзе кастр. на Пд і ПдЗ. Часам бывае вяртанне цёплага надвор’я — «бабіна лета». Канец восені супадае з паяўленнем снегавога покрыва ў пач. 2-й дэкады ліст. на ПнУ, у канцы ліст. на ПдЗ. Восень — час уборкі ўраджаю, сяўбы азімага жыта, канец вегетацыі раслін, падрыхтоўкі жывёл да зімы.
т. 4, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)