ВО́БЛА
(Rutilus rutilus caspicus),
рыба сям. карпавых, падвід плоткі. Жыве ў Каспійскім м., недалёка ад берагоў. Паўпрахадная, чародная рыба.
Даўж. да 35 см (зрэдку да 50 см), маса да 800 г. Спінны плаўнік кароткі, грудныя, брушныя і анальныя плаўнікі звычайна цёмныя. Рот паўніжні. Корміцца пераважна малюскамі, таксама ракападобнымі, лічынкамі хіранамід і расліннасцю. На нераст вясной заходзіць у р. Волгу, Церак, Урал, Эмбу. Маляўкі скочваюцца ў мора, дзе жывуць да палавой спеласці (2—5 гадоў). Аб’ект промыслу. Колькасць скарачаецца.
т. 4, с. 244
ВО́БЛАКІ,
сістэмы завіслых у атмасферы прадуктаў кандэнсацыі вадзяной пары — кропелек вады, крышталікаў лёду або іх сумесей. Сукупнасць воблакаў называецца воблачнасцю. Утвараюцца воблакі пры кандэнсацыі вадзяной пары ў стане насычэння на ядрах кандэнсацыі. Дыяметр кропель — каля некалькіх мікронаў, маса вады ў 1 м³ паветра воблакаў — ад долі грама да некалькіх грамаў. Каля зямной паверхні яны ўтвараюць туман. Узбуйненне прадуктаў кандэнсацыі выклікае ападкі атмасферныя (дождж, снег, град).
Узнікненне воблакаў — вынік адыябатычнага ахалоджвання паветра пры яго пад’ёме, радзей — вынік ахалоджвання ад подсцільнай зямной паверхні і турбулентнага перамешвання паветра. Пад’ём паветра, неабходны для ўтварэння воблакаў, адбываецца пры канвекцыі ў атмасферы (канвекцыйныя воблакі), пры ўзыходзячым слізгальным пад’ёме паветра на франтах атмасферных (франтальныя воблакі), пры хвалевых рухах у атмасферы і інш. Большая ч. воблакаў засяроджана ў трапасферы, але зрэдку назіраюцца ў стратасферы (пераважна перламутравыя воблакі) і ў мезасферы (серабрыстыя воблакі). Па міжнар. класіфікацыі воблакі ў залежнасці ад іх ніжняй мяжы адносяцца да аднаго з трох ярусаў — верхняга, сярэдняга або ніжняга. Паводле знешняй будовы і размяшчэння на ярусах воблакі маюць 10 асн. формаў: у верхнім ярусе перыстыя воблакі, перыста-слаістыя воблакі і перыста-кучавыя воблакі (на выш. больш за 6 км), у сярэднім — высокакучавыя воблакі і высокаслаістыя воблакі (на выш. 2—6 км), у ніжнім — слаіста-кучавыя воблакі, слаістыя воблакі і слаіста-дажджавыя воблакі (выш. іх ніжняй мяжы менш за 2 км). Вылучаюць таксама воблакі вертыкальнага развіцця — кучавыя воблакі і кучава-дажджавыя воблакі з вертыкальнымі памерамі аднаго парадку з гарызантальнымі, іх асновы звычайна знаходзяцца ў ніжнім ярусе, а верхнія ч. могуць дасягаць сярэдняга ці верхняга яруса. Воблакі ўкрываюць каля паловы нябеснай сферы на Зямлі і змяшчаюць каля 109 т вады. На працягу года розныя тыпы воблакаў маюць розную паўтаральнасць. Воблакі ўплываюць на фарміраванне надвор’я і ападкаў, на цеплавы рэжым паветра, сушы і мора, з’яўляюцца звяном кругавароту вады на Зямлі. Яны могуць перамяшчацца на тысячы кіламетраў, пераносіць і пераразмяркоўваць вялізныя масы вады. На Беларусі зімой пераважае нізкая воблачнасць слаістых формаў, у цёплае паўгоддзе — воблачнасць вертыкальнага развіцця.
І.Я.Афнагель.
т. 4, с. 245
ВО́БЛАСЦЬ,
буйная адзінка адм.-тэр. ці нац.-тэр. падзелу. 1) У дарэв. Расіі вобласць (найчасцей на ўскраіне Расіі) адпавядала губерні. У 1917 у Рас. імперыі была 21 вобласць: 18 абласцей у Сібіры, Сярэдняй Азіі, на Каўказе і 3 асобныя вобласці (Войска Данскога, Уральская і Тургайская). У СССР асн. адм.-тэр. адзінка. У 1987 былі 123 вобласці, у т. л. 8 аўтаномных. Пасля распаду СССР абласны падзел захаваўся ў Казахстане, Кыргызстане, Рас. Федэрацыі, Узбекістане, на Украіне.
2) Адм.-тэр. адзінка ў Рэспубліцы Беларусь. Орган дзярж. улады — абл. Савет дэпутатаў, выканаўчы і распарадчы орган — абл. выканаўчы к-т.
Абласны адм.-тэр. падзел уведзены ў 1938 (Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская і Палеская). Пасля ўключэння ў БССР Зах. Беларусі (1939) створаны Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская (з 1944 Маладзечанская) і Пінская вобласці. У 1944 б.ч. Беластоцкай вобласці перададзена Польшчы, утвораны Бабруйская, Гродзенская і Полацкая вобл. У сувязі з узбуйненнем абласцей у 1954 скасаваны Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская і Полацкая, а ў 1960 і Маладзечанская. На 1.1.1997 у Рэспубліцы Беларусь 6 абласцей: Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская і Мінская (гл. адпаведныя артыкулы).
т. 4, с. 245
ВО́БЛАСЦЬ у матэматыцы, абсяг, звязнае адкрытае мноства ў эўклідавай прасторы — мноства, што разам з кожным сваім пунктам змяшчае ў сабе і пэўнае яго наваколле, кожныя два пункты ў якім можна злучыць неперарыўнай лініяй; адно з асноўных паняццяў тапалогіі.
Прыклад вобласці на плоскасці — унутранасць круга (сукупнасць усіх яго пунктаў, апрача акружнасці, якая абмяжоўвае гэты круг). Сукупнасць унутр. пунктаў двух датычных кругоў — адкрытае мноства, але не з’яўляецца вобласцю (два ўнутр. пункты гэтых кругоў нельга злучыць неперарыўнай лініяй, усе пункты якой належаць гэтаму адкрытаму мноству: унутранасці кругоў не маюць агульных пунктаў). Вобласць на прамой — адкрыты інтэрвал (канечны ці бясконцы). Вобласць, дапоўненая ўсімі яе гранічнымі пунктамі, — замкнутая вобласць. Іншы раз вобласцю наз. любое адкрытае мноства ў прасторы. Паняцце вобласці можа быць без змены вызначана ва ўсялякай тапалагічнай прасторы.
т. 4, с. 245
ВО́БЛАСЦЬ ВО́НКАВАГА СЦЁКУ,
частка сушы, з якой рэкі нясуць ваду ў мора, звязаныя з Сусветным ак. Займае 78% пл. сушы. Падзяляецца на Атлантыка-Ледавіты схіл, у межах якога бас. найб. рэк Зямлі — Амазонкі, Місісіпі, Конга, Ніла, Обі, Енісея, Лены, і Ціхаакіянска-Індыйскі схіл з бас. рэк Амур, Янцзы, Ганг і інш. Да бас. Атлантычнага ак. адносіцца 35% плошчы сушы, у т. л. рэкі тэр. Беларусі, Ціхага ак. — 15%, Індыйскага — 14% і Паўн. Ледавітага — 14%.
т. 4, с. 245
ВО́БЛАСЦЬ УНУ́ТРАНАГА СЦЁКУ,
бяссцёкавая вобласць, частка сушы, пазбаўленая сувязі з Сусветным ак. праз рэкі. Займае 22% плошчы сушы. Прымеркавана да тэр. з арыдным кліматам, радзей з умераным кліматам і плоскім рэльефам (некаторыя водападзельныя прасторы). Рэкі вобласці ўнутранага сцёку ўпадаюць у бяссцёкавыя азёры ці перасыхаюць або вычэрпваюцца на арашэнне зямель. Самыя вялікія вобласці ўнутранага сцёку ў Афрыцы і Азіі. У Арала-Каспійскую вобласць ўнутранага сцёку, якая ахоплівае часткі тэр. Еўропы і Азіі, упадаюць рэкі Волга, Кура, Урал, Амудар’я і Сырдар’я.
т. 4, с. 245
ВО́БЛАЧНАСЦЬ,
1) сукупнасць воблакаў над пэўнай тэрыторыяй або ў атмасферы.
2) Ступень укрыцця неба воблакамі па 10-бальнай шкале ці ў працэнтах. Нуль балаў (працэнтаў) адпавядае бязвоблачнаму небу, 10 балаў (100%) — поўнаму ўкрыццю неба воблакамі. У сярэднім воблакі ўкрываюць каля палавіны зямнога шара, найменшая воблачнасць у трапічных пустынях, найбольшая ў раёнах з экватарыяльным і мусонным кліматам. На тэр. Беларусі воблачнасць у сярэднім за год 6—7 балаў. Воблачнасць уплывае на надвор’е і клімат: зімой і ноччу перашкаджае зніжэнню т-ры, летам і днём памяншае награванне зямной паверхні сонечнымі прамянямі, змякчае клімат унутры мацерыкоў.
т. 4, с. 246
ВО́БЛЫ Канстанцін Рыгоравіч
(27.5.1876, г.п. Царычанка Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 12.9.1947),
украінскі эканаміст, статыстык. Д-р паліт. эканоміі і статыстыкі (1911). Акад. АН УССР (1919). Віцэ-прэзідэнт АН УССР (1928—30). Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1900), Варшаўскі ун-т (1904). Вёў пед. работу ў Кіеўскім ун-це і Кіеўскім камерцыйным ін-це. У 1943—47 дырэктар Ін-та эканомікі АН УССР. Даследаванні па праблемах эканам.-геагр. развіцця прам-сці Польшчы і Украіны, міграцыі насельніцтва, унутр. і знешняга гандлю, эканомікі страхавання і інш. Аўтар падручнікаў па статыстыцы і эканам. геаграфіі.
т. 4, с. 246
ВО́БЫСК,
следчае дзеянне, накіраванае на атрыманне доказаў па крымінальнай справе. Праводзіцца з мэтай пошукаў рэчавых доказаў, якія могуць мець значэнне для справы, выяўлення трупаў, адшукання асоб, а таксама маёмасці для пакрыцця матэрыяльнай шкоды і магчымай канфіскацыі. Вобыск праводзіцца па матываванай пастанове следчага або органа дазнання з санкцыі пракурора.
т. 4, с. 246