ВО́ХРА
(ад грэч. ōchros бледна-жоўты),
прыродны мінер. пігмент. Складаецца з тонказярністых і пылападобных аксідаў і гідраксідаў жалеза Fe2O3·nH2O (12—75%) і марганцу MnO2 з глінай (тлустыя вохры) або з прымесямі вуглякіслага кальцыю ці магнію (бедныя вохры). Колер буры, жоўты, чырвоны, радзей зеленаваты. Пашыраны ў выглядзе зямлістых ці парашкападобных агрэгатаў у саставе балотных руд і ў зонах выветрывання рудных радовішчаў. Вохра з прымесямі аксіду свінцу, вісмуту, сурмы, вальфраму, урану ўваходзіць у састаў руд гэтых металаў. Ідзе на выраб добра ўкрывістых і святлоўстойлівых фарбаў, шпаклёвак і грунтовак. У Беларусі паклады вохры і вохрыстых глін выяўлены ў Лоеўскім р-не.
т. 4, с. 281